
Ён устаў i рушыў да араба, выцягваючы з кiшэнi матузок.
- Што ты хочаш рабiць? - суха запытаўся Дару.
Бальдучы збянтэжана паказаў вяроўку.
- Не варта.
Стары жандар нерашуча сказаў:
- Як сабе хочаш. Але, спадзяюся, у цябе ёсць зброя?
- Паляўнiчая стрэльба.
- Дзе?
- У чамадане.
- Я б табе раiў трымаць яе побач з ложкам.
- Навошта? Мне няма чаго баяцца.
- Дурны ты, сынку? Калi яны ўздымуцца, лiтасцi нiкому не будзе: для iх мы ўсе аднаго поля ягадкi.
- Я абаранюся, у мяне будзе час, каб заўважыць iх яшчэ здалёк.
Бальдучы засмяяўся, але раптам яго яшчэ белыя зубы схавалiся за шчэццю вусоў.
- У цябе будзе час? Ну-ну. Што я i кажу. Ты заўсёды быў трошкi ненармальны. За гэта я цябе i люблю, мой сын быў такi самы.
Кажучы гэта, ён выцягнуў рэвальвер i паклаў яго на стол.
- Вазьмi сабе. Каб даехаць да Эль-Амёра, мне два не спатрэбяцца.
Рэвальвер блiшчаў на чорнай фарбе стала. Бальдучы павярнуўся да настаўнiка, i той адчуў, як ад жандара тхне скурай i конскiм потам.
- Слухай, Бальдучы, - нечакана сказаў Дару, - мне агiдна ўсё гэта, i гэты твой хлопец - перш за ўсё. Але я яго не павяду. Бiцца - няхай, я згодны, калi тое спатрэбiцца. Але не гэта.
Стары жандар стаяў побач i строга глядзеў яму ў твар.
- Ты кажаш глупства, - павольна прамовiў ён. - Мне гэта таксама не падабаецца. Вязаць чалавека вяроўкай не прывыкнеш нiколi, нiякiя гады тут не дапамогуць. I часам нават робiцца сорамна, так, сорамна. Але ж нельга дазволiць iм рабiць усё, што яны хочуць.
- Я не павяду яго, - паўтарыў Дару.
- Гэта загад, сынку. Я паўтараю табе: загад.
- Я чую. Дык паўтары iм тое, што сказаў табе я: я яго не павяду.
Было вiдаць, як Бальдучы напружыўся, шукаючы слоў. Ён пазiраў то на араба, то на Дару i нарэшце вырашыў:
- Не. Я нiчога iм не скажу. Калi хочаш падкласцi нам свiнню, калi ласка, я цябе не выдам. У мяне ёсць загад даставiць арыштаванага табе, што я i зрабiў. Зараз ты мне падпiшаш паперку.
