Дома жонка пакутавала ад яго рэўнасцi, а чэлядзь ад доўгага, смярдзючага цыбука. Пасля смерцi гэтага арыгiнала верхавiкi яго сталi вазiць гной, сабак панi параздавала. А свет у спадчыне па iм атрымаў малую дачушку i маладую ўдаву. Ах, выбачайце, - застаўся яшчэ жывапiсны партрэт, дзе нябожчык намаляваны быў з гербавай пячаткай на пярсцёнку, i той смярдзючы цыбук, якi ад няправiльнага карыстання выгнуўся, як турэцкая шабля.

Палаца я амаль не ведаў. Перш за ўсё таму, што куды лепш было гойсаць па полi, чым падаць на слiзкiм паркеце, а яшчэ i па той прычыне, што ў палац мяне не пускала чэлядзь, бо калi я прыйшоў туды першы раз, дык, на бяду сваю, разбiў вялiкую саксонскую вазу.

З малою графiнькай, пакуль я не пайшоў у школу, мы гулялi адзiн толькi раз, калi нам было амаль па дзесяць гадоў. Пры нагодзе мне захацелася навучыць яе майстэрству лазiць па дрэвах, я пасадзiў яе на веснiцы такiм чынам, што дзяўчынка залямантавала на ўвесь свет, за што яе гувернантка адхвастала мяне сiнiм парасонам, прыгаворваючы, што так я мог абяздолiць Лёню на ўсё жыццё.

З таго часу я адчуваў агiду да малых дзяўчынак, нiводная з якiх не магла нi лазiць па дрэвах, нi купацца са мной у сажалцы, нi ездзiць верхам, нi страляць з лука або з рагаткi. А ўжо калi пачыналася бойка - бо што гэта за гульня без бойкi! - амаль кожная разрумзаецца i бяжыць каму-небудзь паскардзiцца.

Паколькi бацька не дазваляў мне гуляць з дваровымi хлапчукамi, а сястра цэлымi днямi прападала ў палацы, я рос, гадаваўся адзiн, як драпежнае птушаня, пакiнутае бацькамi. Я купаўся каля млына або ў дзiравым чоўне плаваў па сажалцы. У парку з кашэчым спрытам ганяў па голлi вавёрак. Аднойчы мой човен перакулiўся i я ледзь не цэлы дзень прасядзеў на плывучай купiне, не большай за балею. Другiм разам я вылез праз слухавое акно на дах палаца, але так мне тады не пашанцавала, што прыйшлося звязаць двое драбiн, каб зняць мяне адтуль. Iншым разам я цэлыя суткi праблукаў па лесе, а яшчэ раз стары верхавiк нябожчыка пана, прыгадаўшы сваю маладосць, з гадзiну насiў мяне па полi, пакуль - вiдаць, нехаця - не скiнуў так, што я зламаў нагу, якая, зрэшты, даволi хутка зраслася.



2 из 50