Яны паволi адолелi нястромкi пад'ём па другi бок яра. Цяпер, калi сонца хiлiлася на захад, спёка пачала спадаць, i хоць паветра па-ранейшаму было яшчэ гарачае, сонечныя промнi абрыналiся ўжо з меншай сiлай. Па краях дарогi стаялi такiя ж крывыя калы з нацягнутым на iх калючым дротам. Справа драцяная загарадзь пайшла праз баваўнянае поле, але няспелы бавоўнiк быў аднолькавы з абодвух бакоў - сухi, цёмна-зялёны, зацярушаны пылам.

Джоўд паказаў рукой на межавую загарадзь:

- Вось наша мяжа. Папраўдзе, агароджа нам была без патрэбы, але ў нас завёўся дрот, i бацьку закарцела абгарадзiць поле. Цяпер, кажа, адчуваеш: сорак акраў - гэта сорак акраў! Толькi не было б нiякай агароджы, каб неяк раз ноччу дзядзька Джон не прывёз у сваiм фургоне цэлых шэсць шпуль дроту. Выменяў у бацькi на парася. Дзе ён узяў гэты дрот, так i засталося тайнай. - На пад'ёме яны пайшлi цiшэй, цягнучы ногi па мяккiм, глыбокiм пыле i адчуваючы пад ступнямi зямлю. Вочы ў Джоўда нiбы ўзiралiся ў мiнулае. Здавалася, ён пацiху пасмейваецца сам з сябе. - Дзiвак у нас дзядзька, - сказаў ён. - Узяць хоць парася гэтае, - ён хiхiкнуў i моўчкi пайшоў далей.

Кейсi нецярплiва чакаў, калi Джоўд зноў загаворыць. Але працягу не было. Ён даў Джоўду яшчэ трохi часу, каб сабрацца з думкамi, i нарэшце не вытрымаў i крыху раздражнёна спытаўся:

- Ну i што ж ён з парасём гэтым зрабiў?

- Га? А-а... Ну, ён тут жа, на месцы, закалоў яго i загадаў мацi плiту распалiць. Тады выразаў адбiўных i паклаў на гарачую патэльню, а рэбры з кумпяком у духоўку засунуў. Адбiўныя з'еў, тым часам рэбры згатавалiся, а як рэбры абгрыз, кумпяк падрумянiўся. Узяўся за кумпяк - адхопiць нажом добры кавалак i пхае ў рот. Мы, дзецi, ад яго не адыходзiм, клянчым, i ён, нарэшце, пачаставаў нас, а бацьку нi дробачкi не даў.



31 из 513