
- Ён лiчыў сябе маладым, мадам, а iлюзii - гэта самае небяспечнае... Вы павiнны адпачыць, мадам. Я абсалютна ўпэўнены, што ён вас не бачыць. Сядзелка вас паклiча, калi што...
Рыданне Данацiны, яе крык разарвалi на момант iмглiстую заслону, i мне здалося, што здалёку блiснулi яе вочы, як агеньчык на беразе ахутанай туманам ракi. I тут жа згаслi... Галасы змоўклi, i я застаўся адзiн у магiльнай цiшынi. Колькi часу прайшло? Не ведаю. Туга сцiскала мяне ўсё мацней i мацней, i, калi стала зусiм нясцерпнай, я раптам надумаўся падняцца. Некалькi разоў прабаваў паклiкаць сядзелку, але яна не прыйшла. I тады я закрычаў: "Данацiна".
Мая жонка не адазвалася.
"Пайду яе шукаць", - вырашыў я.
Як я здагадаўся, што магу варушыцца, апусцiць на дол свае худыя ногi, хадзiць? Помню толькi, што быў перакананы ў гэтым, i не без падставы, бо падняўся лёгка i пайшоў праз густы малочны туман адразу да адзежнай шафы. Але не паспеў я дакрануцца да яе дзверцаў, як, дзiўная рэч, намацаў на сваiм целе вопратку. Я пазнаў варсiстае палiто, купленае ў Лондане для падарожжаў у лiхое надвор'е. Нахiлiўшыся, я ўбачыў, што абуты i стаю не на паркетнай падлозе, а на нейкiм няроўным бруку. Якiм чынам я, будучы непрытомным, як лунацiк, злез з ложка, адзеўся, абуўся i пакiнуў дом? Я быў занадта ўсхваляваны, каб паглыбляцца ў роздум. Але самае дзiвоснае было тое, што я не памiраў, нават не быў хворы. I што гэта за горад? Парыж? Малочны туман з жаўтаватым адценнем хутчэй уласцiвы Лондану. Засланяючы рукамi твар, каб не наткнуцца на нябачную перашкоду, я зрабiў некалькi крокаў, прабуючы дабрацца да якой-небудзь сцяны. Здалёку раз-пораз даносiлася велiчнае завыванне параходных сiрэн. Вецер быў моцны i салёны, нiбы дзьмуў з акiяна. Што гэта за порт?
* * *
- Гэй! Там! Зважай, куды iдзеш!..
- Даруйце! - адказаў я. - Я нiчога не бачу... Дзе я знаходжуся?
Чалавек трымаў вялiкi электрычны лiхтар. Ён павярнуў святло спачатку на мяне, потым на сябе, i я заўважыў, што ён апрануты ў форму, але з выгляду ён не быў падобен нi на французскага агента палiцыi, нi на ангельскага палiсмена. Яго куртка хутчэй нагадвала форму пiлотаў амерыканскiх лiнiй. Ён узяў мяне моцна, але не груба за плячо i павярнуў налева.
