Праўда, у нашага гаспадара, хоць ён i сам толькi цьмяна здагадваецца пра гэта, але такiя ўсё ж маюцца. У яго, ведаеце, вельмi недаверлiвы нораў, а ўсё таму, што ён абсалютна нiчога не разумее, што пры iм кажуць. Адсюль i такая пахмурна-паважная пыса - нiбы ён, прынамсi, займеў падазрэнне, што ў чалавечым грамадстве не ўсё iдзе гладка. Калi ў чалавека такi настрой, з iм не надта лёгка гутарыць пра тое, што не тычыцца яго рамяства. Дарэчы, зiрнiце на тую сцяну, углыбiнi, - бачыце, над самай яго галавой квадрат, нiбы там вiсела карцiна. А там, сапраўды, раней вiсела карцiна, i вельмi цiкавая, сапраўдны шэдэўр. Дык вось, я быў сведка таго, як тутэйшы гаспадар яе набыў i як потым збыў. У абодвух выпадках гэта рабiлася з аднолькавай падазронасцю, пасля некалькiх тыдняў перадумвання i перажоўвання. З гэтага пункту погляду грамадства, трэба прызнаць, крыху папсавала некранутую прастату ягонай натуры.

Заўважце, я зусiм не папракаю яго. Я нават паважаю ў iм гэтую абгрунтаваную недаверлiвасць i з ахвотаю падзялiў бы яе, каб мне не замiнала, як вы самi маглi пераканацца, мая прыродная таварыскасць. На жаль, я балбатун i вельмi лёгка сыходжуся з людзьмi. Праўда, я ўмею трымаць прыстойную дыстанцыю, але каб пазнаёмiцца, любы выпадак лiчу прыдатным. Калi я жыў у Францыi, я не мог прамiнуць нiводнага разумнага чалавека, каб адразу не наладзiць з iм сяброўскiх зносiн. Ага, як бачу, вам крыху не прывычны гэты дзiўны выраз? Што ж, прызнаюся, ёсць у мяне слабасць да такiх выслоўяў, як i да ўсякiх моўных выкрутасаў наогул. I я сам папракаю сябе за гэтую слабасць, паверце. Я, зрэшты, выдатна разумею, што густ да тонкай бялiзны зусiм не абавязкова азначае, што ў вас брудныя ногi. I ўсё-ткi! Вычварны стыль, як i кужаль, вельмi ччаста хавае каросту. Адзiнае, чым я суцяшаю сябе - што i нягеглыя мямлi таксама не чысцейшыя за нас, гаваруноў. О, вядома, возьмем яшчэ па кiлiшку.



2 из 90