Пан Дарбеда не мог перамагчы ў сабе нецярплiвага жадання, каб хутчэй настаў час, калi гэтая дурацкая абыходлiвасць будзе ўжо недарэчная. Хворыя заўсёды яго крыху раздражнялi - асаблiва вар'яты: яны нiколi не мелi рацыi. П'ер, напрыклад, небарака, - ён жа не мае рацыi па ўсiх пунктах, слова не можа сказаць, каб лухты не ляпнуць, але дзе ўжо яго прасiць быць крыху болей сцiплым цi хоць бы часам прызнаваць свае памылкi - марная справа.

Ева прыбрала яечнае шалупiнне, падстаўку i паклала перад П'ерам кувэрт з нажом i вiдэльцам.

- Што ён будзе есцi цяпер? - з радаснаю ўсмешкаю спытаў пан Дарбеда.

- Бiфштэкс.

П'ер ужо ўзяў вiдэлец i трымаў яго кончыкамi сваiх доўгiх i бледных пальцаў. Потым пiльна агледзеў з усiх бакоў i каротка ўсмiхнуўся.

- Гэты раз не ўдасца, - прашаптаў ён i паклаў вiдэлец назад, - я быў папярэджаны.

Ева падышла да стала i з непадробнай цiкаўнасцю ўтаропiлася ў вiдэлец.

- Агата, - сказаў П'ер, - дай мне iншы.

Ева прынесла, i П'ер пачаў есцi. А яна, так i не паклаўшы падазронага вiдэльца, сцiснула яго ў руцэ i разглядала, не зводзячы вачэй: здавалася, яна робiць над сабой жудаснае намаганне. "Чорт разбярэ iх адносiны i ўсе гэтыя выбрыкi!" - падумаў пан Дарбеда. Ён адчуваў сябе вельмi нiякавата.

- Асцярожна, - сказаў П'ер, - трымай яго пасярэдзiне спiны: у яго клюшнi.

Ева ўздыхнула i паклала вiдэлец на сервавальны столiк. Пан Дарбеда адчуў, што яго цярпенню прыходзiць канец. Ён лiчыў зусiм непатрэбным саступаць усiм прыхамацям гэтага небаракi - нават самому П'еру гэта толькi на шкоду. Франшо сам яму неяк казаў: "Нiколi нельга патураць трызненню хворага". Замест таго, каб даваць яму новы вiдэлец, лепей трэба было мякка, не напiраючы, пастарацца яго абразумiць, даць яму зразумець, што першы - такi самы, як iншыя. Пан Дарбеда падышоў да сервавальнага столiка i падкрэслена ўзяў вiдэлец. Потым паволi правёў пальцамi па яго зубах i павярнуўся да П'ера. Той са спакойным выглядам рэзаў на талерцы мяса i, дарэзаўшы, падняў на цесця мяккi i невыразны позiрк.



10 из 29