- Прабач, - з усмешкай сказаў ён. - Ты ж ведаеш, я стары прыхiльнiк усяго натуральнага. Што зробiш, не падабаюцца мне ўсе гэтыя памады ды масцi, што цяперашнiя жанчыны лепяць сабе на твар. Але я, вядома, не маю рацыi, трэба жыць разам з часам.

Ева прыязна ўсмiхнулася. Пан Дарбеда запалiў цыгарку i некалькi разоў зацягнуўся.

- Дзяўчынка мая, - пачаў ён, - я, уласна, вось што хацеў табе сказаць... Давай пагутарым, як раней. Ты толькi сядай, калi ласка, i паслухай мяне ўважлiва: трэба ж давяраць свайму старому тату.

- Лепей я пастаю, - сказала Ева. - Што ты мне маеш сказаць?

- Я проста хацеў задаць пытанне, - ужо больш суха сказаў пан Дарбеда. Куды ўсё гэта цябе завядзе?

- Усё гэта? - здзiўлена паўтарыла Ева.

- Але, усё гэта. Усё гэтае жыццё, што ты сабе ўтварыла. Паслухай, - сказаў ён пасля кароткай паўзы, - не трэба думаць, што я цябе не разумею (на яго раптам сапраўды найшло прасвятленне). Але тое, што ты хочаш зрабiць, - не ў чалавечай сiле. Ты хочаш жыць толькi сваiм уяўленнем - так? Не хочаш дапусцiць, што ён хворы? Ты не хочаш бачыць П'ера такiм, якi ён цяпер, - я правiльна разумею? Твае вочы бачаць толькi былога П'ера. Але, мiлае маё дзiцё, дачурка, вытрымаць такое доўга немажлiва, - пан Дарбеда перавёў дых. - Ну добра, я раскажу табе адну гiсторыю, хоць, можа, ты яе ведаеш. Калi мы былi ў Сабль-д'Алоне, табе было тры гады, i твая мацi пазнаёмiлася з адной прыгожай маладой жанчынай. У яе быў чароўны хлопчык. Вы гулялi з iм кожны дзень на пляжы, былi такiя яшчэ маленькiя: што дзве цацкi. Мы называлi цябе ягонай нявестаю. I вось колькi часу пазней, у Парыжы, твая мацi захацела сустрэцца з гэтай жанчынай - i тут ёй паведамiлi, што яе напаткала вялiкае гора: яе мiламу хлопчыку машынай адрэзала галаву.



12 из 29