
Крыху раздражнёна яна падумала, што хутка ў дзверы пастукае муж. У iншыя днi ён прыходзiў толькi пад вечар, моўчкi цалаваў яе ў лоб i, сеўшы насупраць у глыбокi фатэль, пачынаў чытаць "Тан". Але чацвер - гэта быў яго дзень: у чацвер пан Дарбеда на гадзiну хадзiў у госцi да iхняй дачкi - звычайна памiж трэцяю i чацвёртай. Перад тым як пайсцi, ён заўсёды заходзiў да жонкi, i яны з горыччу гаманiлi пра зяця. Гэтыя гамонкi, у якiх можна было прадбачыць кожную дробязь, бо яны паўтаралiся кожны чацвер, знясiльвалi панi Дарбеду. Пан Дарбеда запаўняў сабой увесь гэты звычайна цiхi пакой. Ён не садзiўся нi на хвiлiну i ўсё хадзiў сюды i туды, круцiўся ваўчком. Кожны яго палкi выпад ранiў панi Дарбеду, як востры шкляны асколак. А ў гэты чацвер усё мелася быць яшчэ горш, чым звычайна: ад думкi, што зараз ёй давядзецца пераказаць мужу Евiныя прызнаннi i ўбачыць, як яго вялiзнае жахлiвае цела закалоцiцца ў гневе, панi Дарбеду ўганяла ў пот.
Яна ўзяла са сподка кавалак лукуму, некалькi iмгненняў нерашуча пазiрала на яго i потым сумна паклала назад: ёй не хацелася, каб муж бачыў, як яна есць лукум.
Пачуўшы стук, яна ўздрыганулася i адказала слабым голасам:
- Увайдзi.
Пан Дарбеда ўвайшоў на дыбачках.
- Я зараз пайду да Евы, - сказаў ён, як i кожны чацвер.
Панi Дарбеда ўсмiхнулася.
- Пацалуй яе ад мяне.
Пан Дарбеда не адказаў i заклапочана зморшчыў лоб: кожны чацвер, у аднолькавы час, яго апаноўвала глухая злосць, якая прымешвалася да цяжкасцяў страўлення.
- Вяртаючыся назад, я зайду да Франшо. Мне б хацелася, каб ён сур'ёзна пагутарыў з ёй i пастараўся пераканаць.
Ён часта хадзiў да доктара Франшо. Але марна. Панi Дарбеда нахмурыла бровы. Раней, калi яна адчувала сябе яшчэ добра, яна пацiскала плячыма. Але з той пары, як хвароба абцяжыла яе цела, яна замянiла рухi, якiя вельмi стамлялi яе, наборам грымас. Яна кiвала - вачыма, казала "не" - куточкамi губ, ускiдала бровы замест плячэй.
