П'ер усмiхаўся, але трымаў яе руку кончыкамi пальцаў, нiбыта з гiдлiвасцю цi так, як трымаў бы за спiну краба, баючыся, каб той не ўхапiў яго клюшняй.

- Агата, - сказаў ён, - я так хацеў бы табе давяраць.

Ева заплюшчыла вочы, i яе грудзi паднялiся ў глыбокiм уздыху. "Не трэба нiчога адказваць. Тады ён супакоiцца, i паверыць, i болей не будзе нiчога казаць".

П'ер адпусцiў руку.

- Агата, я цябе, вядома, люблю, - сказаў ён. - Але я не магу зразумець. Чаму ты ўвесь час сядзiш у гэтым пакоi?

Ева не адказала.

- Скажы, чаму?

- Ты выдатна ведаеш, што я кахаю цябе, - суха адказала яна.

- Я не веру табе, - сказаў П'ер. - За што табе мяне кахаць? Я павiнен выклiкаць у цябе жах: у мяне неадчэпныя думкi.

Ён усмiхнуўся, але адразу раптам пасур'ёзнеў.

- Памiж табою i мной - сцяна. Я цябе бачу, я з табой гаманю, але ты - па той бок. Што не дае нам любiць адно аднаго? Мне здаецца, што раней гэта было прасцей. У Гамбургу.

- Але, - сумна прамовiла Ева: "Зноў Гамбург". П'ер нiколi не гаварыў пра iх сапраўдную мiнуўшчыну. Нi Ева, нi ён - у Гамбургу нiколi не былi.

- Мы гулялi з табой уздоўж каналаў. Там была барка, памятаеш? Чорная барка; i сабака на мосце.

Ён выдумляў паступова; выгляд у яго быў няшчыры.

- Я трымаў цябе за руку. Скура ў цябе была тады iншая. Я верыў усяму, што ты мне казала. Маўчаць! - закрычаў ён.

Хвiлiну ён прыслухоўваўся.

- Яны хутка прыйдуць, - абвясцiў ён змрочным голасам.

Ева ўздрыганулася:

- Прыйдуць? Я ўжо думала, яны не вернуцца нiколi.

Апошнiя тры днi П'ер адчуваў сябе спакайней, статуi не прыходзiлi. Ён жудасна iх баяўся, хоць нiколi не прызнаваўся ў гэтым. Еву яны не палохалi; аднак, калi яны пачыналi лятаць па пакоi i гусцi - яе палохаў П'ер.

- Падай мне ворчку.

Ева ўстала i ўзяла ворчку: гэта быў набор склееных П'ерам кавалкаў кардону, якiм ён карыстаўся, каб заклiнаць прыход статуй. Ворчка была падобная да павука. На адным кавалку кардону П'ер напiсаў: "Улада над пасткамi", - на другiм: "Чорнае". На трэцiм была намалёвана галава, якая смяялася, i ад вачэй у яе разыходзiлiся зморшчынкi: гэта быў Вальтэр. П'ер узяў ворчку за лапу i пачаў пiльна яе разглядаць. Выгляд у яго быў змрочны.



22 из 29