
Сэм i Рой уселiся ля печкi, а Руф прыбiрала са стала. Усе трое доўга маўчалi. Сэм курыў, Рой жаваў тытунь i стараўся атрымаць асалоду ад усведамлення, што ён, нарэшце, у сваiм доме. Але гэта яму не ўдавалася, бо ён не мог быць спакойным нават дома, пакуль не даведаецца пра Эндруса. Яму хацелася абыякава спытацца ў Сэма: "А Эндзi яшчэ не вярнуўся?" Але менавiта гэтых слоў ён i не мог вымавiць, i таму сядзеў моўчкi i чакаў, калi загаворыць Сэм. Як i ў мiнулыя гады, Рой пераконваў себя, што калi б Эндзi вярнуўся, пра гэта хоць хто-небудзь ды сказаў бы, аднак ён не быў перакананы i чакаў.
- Калi збiраешся вярнуцца на возера? - спытаўся Сэм.
- Праз некалькi дзён, - адказаў Рой.
Сэм не пазiраў на малодшага брата.
- А ты не мог бы затрымацца? - спытаўся ён.
- Я павiнен вярнуцца, Сэм. Я прыйшоў толькi ўзяць харчу на зiму.
Брат i так ведаў гэта, але Рой iмкнуўся быць цярплiвым.
- А ты не мог бы застацца тут да зiмы? - спытаўся Сэм.
- Навошта? - Рой быў здзiўлены.
Сэм памаўчаў, падшукваючы аргументы на карысць сваёй просьбы.
- Табе трэба застацца i дапамагчы мне па гаспадарцы, Рой. Толькi да зiмы, толькi некалькi тыдняў.
Яны абодва гаварылi стрымана,i зараз былi вельмi падобныя. Сэм быў толькi на паўтара года старэйшы за Роя i на нейкiя два дзюймы вышэйшы. Складам, манерай гаворкi i знешнасцю яны былi падобны адзiн да аднаго, толькi Сэм быў больш рыхлы i марудлiвы. Але яны па-рознаму адносiлiся да жыцця. Рой не меў нi прыгнечанасцi, нi спагады да сябе, нi горычы. Сэму ж былi ўласцiвы ўсе тры гэтыя пачуццi, i калi яны выяўлялiся, Рой проста не ведаў, як сябе паводзiць.
- Я не магу заставацца гэтай парой у горадзе, - паволi адказаў ён.
