- А як жа ты справiшся без коней? - сумна прамовiў Рой.

- Нiяк не спраўлюся, калi ты не дапаможаш мне. Пра гэта я i талкую табе, Рой.

У нежыццёвым тоне Сэма ўсё тая ж вялая пагроза. Але Рой не паддасца, ён нават не верыць, што справы дрэнь. Сэм разгублены i самотны, проста не падобны сам на сябе.

- А што, калi я папрашу Джэка Бэртана, каб ён дапамог табе? - прапанаваў Рой. - Джэк зробiць усё, што можа.

- У яго i без мяне хапае клопату, - сказаў Сэм.

- Не хочам мы яго, - умяшалася Руф Мак-Нэйр. - Ён свiнапас i лесаруб, адно слова - падзёншчык.

- Ён добры фермер, Руф, - прамовiў Рой.

- А для мяне ён заўсёды будзе батраком, i я не хачу, каб такiя людзi дапамагалi мне дарма. Яму патрэбна падзёншчына. Такiм ён быў, такiм i застанецца.

Рой цярплiва выслухаў яе, ён ведаў, што яна грэбуе Джэкам, як можа грэбаваць дачка фермера сынам батрака. Бацька Джэка дзесяць гадоў батрачыў у бацькi Руф - старога Боба Мудзi. Сёння нiхто з гэтай сям'i не затрымаўся на зямлi, а ў Джэка была свая ферма, якая ўсё ж кармiла яго. Ён нават купiў два акры той зямлi, якую стары Мудзi мусiў прадаць, калi яго зрабiлi банкрутам зямельныя банкi i зламалi пастаянныя спрэчкi, сваркi i грубасць сваiх жа дзяцей, у тым лiку i Руфi. Рой заўсёды ўсведамляў тое зло, якое яна прынесла ў iх дом, паступова аблытваючы спакойнага Сэма сваёй фанабэрыстасцю i дробязнасцю, нiколi не падтрымлiваючы яго ласкавым словам, спагадлiвым клопатам, дапамогай у працы. Яна так добра пастаралася зрабiць Сэма такiм, якiм ён стаў, што Рой ужо не аддзяляў iх адно ад аднаго, хiба што толькi ў тым, што Сэм быў канчаткова знясiлены i амаль не размаўляў з жонкай, хоць яна яшчэ i зараз спрабавала падбухторваць яго. "Бедны Сэм, - падумаў Рой. - Яму патрэбна была цiхая, спакойная жонка, якая клапацiлася б пра яго i паважала. А ён атрымаў злосную бабу, якая трымала яго пад пастаянным страхам, чаплялася да кожнага слова i кожную спрэчку ператварала ў грубую лаянку. Яе пошлая грубасць была галоўнай прычынай сённяшняга становiшча Сэма".



14 из 200