Апошнiя французскiя салдаты пераправiлiся нарэшце цераз Сену з намерам дабрацца да Понт-Адэмэра праз Сэн-Сэвэр i Бург-Ашар; ззаду за ўсiмi iшоў з двума ад'ютантамi генерал, прыгнечаны, бяссiльны нешта зрабiць з гэтымi разрозненымi шматкамi, i сам разгублены ад той страшэннай катастрофы, якая спасцiгла вялiкi народ, прызвычаены да перамог, а цяпер нашчэнт разбiты, нягледзячы на сваю легендарную храбрасць.

Потым над горадам навiсла мёртвая цiшыня, маўклiвае чаканне немiнучай бяды. Шмат хто з атлусцелых буржуа, што страцiлi ўсялякую мужнасць за стойкамi ды прылаўкамi, са страхам чакалi пераможцаў, каб хоць тыя, крый Божа, не палiчылi зброяй iх пожагi цi вялiкiя кухонныя нажы.

Жыццё ў горадзе спынiлася: крамкi былi на замках, вулiцы абязлюдзелi. Рэдкiя прахожыя, напалоханыя злавеснай цiшынёй, баязлiва трымалiся блiжэй да сцен.

Чаканне было такое пакутнае, што, здавалася, хай бы ўжо лепш хутчэй прыйшоў ён, той вораг.

На другi дзень па адыходзе французскага войска па палуднi па горадзе прамчалiся ўланы, якiя невядома скуль узялiся. Трохi пазней па схiле Сэнт-Катрын скацiлася адна чорная лавiна, дзве другiя плынi захопнiкаў хлынулi з боку Дарнэтальскай i Буа-Гiёмскай дарог. Авангарды ўсiх трох карпусоў адначасна ўступiлi на плошчу перад ратушай, i па ўсiх суседнiх вулiцах разгарнулiся батальёны германскай армii - брукаванкi аж гулi пад чаканным страявым крокам.

Словы каманды, што выкрыквалiся нязвыклымi гартаннымi галасамi, узляталi каля дамоў, якiя здавалiся вымерлымi i апусцелымi, аднак паўсюль з-за прымкнёных аканiц за гэтымi мужчынамi-пераможцамi, якiя "па праву вайны" раптам сталi ўладарамi горада, маёмасцi i самога жыцця, спалохана цiкавалi чалавечыя вочы. Руанцы, пазатойваныя ў сваiх кутках, былi ў тым стане гранiчнай разгубленасцi, якi звычайна спавадоўваюць страшныя стыхiйныя бедствы, знiшчальныя землятрусы, процi якiх бездапаможная ўся мудрасць i ўся моц чалавека.



2 из 39