I ўсё-такi ў горадзе адчувалася нешта няўлоўнае i непрывычнае, панавала нейкая чужая, задушлiвая атмасфера, цяжкi нязносны пах - пах нашэсця. Ён стаяў у жыллi i ў грамадскiх мясцiнах, надаваў своеасаблiвы прысмак ежы, выклiкаў такое ўражанне, быццам падарожнiчаеш па нейкай вельмi адлеглай краiне, сярод дзiкiх i небяспечных плямёнаў.

Пераможцы вымагалi грошай, процьму грошай. Жыхары плацiлi i плацiлi; зрэшты, яны былi багатыя. Але чым нармандскi гандляр заможнейшы, тым ён мацней пакутуе ад сама маленькай страты, ад пераходу найдробязнай крыхi свайго багацця ў чужыя рукi.

Мiж тым за дзве-тры мiлi ад горада ўнiз па цячэннi, паблiзу Круасэ, Дзьепдаля цi Б'есара, воднiкi i рыбакi неаднойчы выцягвалi з рачных глыбiняў разбухлыя трупы нямецкiх салдатаў, зарэзаных цi забiтых ударам башмака, з раструшчанай каменем галавой цi проста сапхнутых у ваду з моста. Рачны глей хаваў гэтыя ахвяры таемнай помсты, жорсткай i справядлiвай, гэтыя подзвiгi невядомых герояў, маўклiвыя начныя напады, куды небяспечнейшыя, чым бiтвы сярод белага дня, i без рэха славы.

Нянавiсць да Чужынца адвеку ўзбройвае жменьку Бясстрашных, гатовых памерцi за Iдэю.

Але хоць заваёўнiкi i падначалiлi горад сваёй жалезнай дысцыплiне, усё ж не ўчынiлi нiводнай з тых жахлiвых жорсткасцей, якiя, калi верыць чуткам, суправаджалi iхняе пераможнае шэсце, людзi ўрэшце асмялелi, i цяга да гандлёвых спраў зноў ажыла ў сэрцах мясцовых камерсантаў. Сёй-той з iх быў звязаны вялiкiмi грашовымi iнтарэсамi з Гаўрам, якi знаходзiўся ў руках французскай армii, i яны надумалiся ехаць сушай да Дзьепа, там сесцi на параход i гэтак дабрацца да жаданага порта.



4 из 39