У Сахары я глядзеў, як пад яркiм, нiбы наша сонца, месячным святлом зiхацiць вялiкае, кiламетраў на пяцьдзесят даўжынёй, возера Раянешэргi i як ад яго люстра адлятае ў неба белае воблака, падобнае на малочную пару.

На Лiпарскiх астравах я глядзеў на фантастычны серны кратэр Валканэла вялiзную кветку, якая дымiцца i пячэ, жоўтую кветку, якую нiколi не сарвеш, бо яна расце пасярод мора i цыбур яе - вулкан.

Нiчога прыгажэйшага за Анцiбы на фоне Альпаў пад вячэрнiм сонцам я нiколi не бачыў.

I не ведаю, чаму мне прыгадваецца старажытнасць, усплываюць у памяцi Гамеравы радкi; гэта - горад антычнага Ўсходу, гэта - горад з "Адысеi", гэта Троя! Хоць яна i стаяла далёка ад мора.

Пан Марцiнi дастаў з кiшэнi даведнiк Сарцi i пачаў чытаць: "Горад паходзiць ад калонii, заснаванай факейцамi з Марселя каля 340 г. да Божага Нараджэння. Яны далi яму грэчаскую назву Анцiпалiс, гэта значыць "супрацьгорад", таму што ён сапраўды ляжыць насупраць Нiцы, таксама марсельскай калонii.

Пасля захопу Галii рымляне зрабiлi з Анцiбаў мунiцыпiю - яго жыхары карысталiся аднолькавымi з рымскiм горадам правамi.

З эпiграмы Марцыяла мы ведаем, што ў свой час..."

Ён казаў далей. Я спынiў яго: "Мне ўсё роўна, што тут было. Я кажу вам, што ў мяне перад вачыма горад з "Адысеi". Берагi Азii i Эўропы падобныя, але тут, на другiм канцы Мiжзем'я, усё iнакш, i ўва мне абуджаюцца ўспамiны пра гераiчныя часы".

Я пачуў чыесьцi крокi i павярнуўся - жанчына, высокая чарнявая жанчына ступала па дарозе, якая вядзе ўздоўж мора на мыс.

Пан Марцiнi прашаптаў, гучна нацiскаючы на апошнiя склады: "Ведаеце, гэта панi Парыс!"

Не, я не ведаў яе, але гэта iмя, iмя траянскага пастуха, сугучна злiлося з маiмi марамi.

Я ўсё ж спытаўся: "А хто яна, панi Парыс?" Ён, здавалася, абрадаваўся, што я не чуў гэтай гiсторыi.

Я паўтарыў, што зусiм не ведаю яе, i паглядзеў услед засяроджанай жанчыне, якая, важка, павольна ступаючы - так, пэўна, хадзiлi старажытныя кабеты, аддалялася, не заўважыўшы нас.



2 из 7