Што яму рабiць? Канечне, ён прагнуў яе, гэтым жа вечарам, любой цаной; i ён возьме яе. Ён гатовы на ўсё, ён пойдзе нават на тое, каб арыштаваць i пасадзiць мужа ў турму. Раптам вар'яцкая думка прабегла ў яго галаве. Ён папрасiў паперы i напiсаў:

"Панi,

Клянуся Вам, што гэтым вечарам ён не вернецца, а я буду ў Вас а дзесятай там, дзе вы ведаеце. Нiчога не бойцеся, я адказны за ўсё, зарукай - мая афiцэрская годнасць.

Жан дэ Кармелен".

Ён загадаў занесцi лiст i спакойна давячэраў. А восьмай ён паклiкаў свайго намеснiка капiтана Грыбуа i, качаючы мiж пальцаў скамечаную тэлеграму пана Парыса, сказаў:

- Капiтан, я атрымаў вельмi дзiўную тэлеграму, зместу якой не магу перадаць нават вам. Вы неадкладна замкняце i паставiце варту на ўсе гарадскiя брамы, каб нiводзiн чалавек, я паўтараю, нiхто не ўвайшоў i не выйшаў да шостай ранiцы. Накiруйце на вулiцы патрулi, жыхары павiнны быць у сваiх дамах не пазней за дзевятую. Спозненых прыводзiць дахаты пад прымусам. Калi вашы людзi спаткаюць мяне сёначы, яны павiнны адразу пайсцi прэч, быццам не пазнаўшы мяне. Вам усё зразумела?

- Усё, мой камандзiр.

- Назначаю вас адказным за спаўненне ўсiх маiх загадаў, дарагi капiтане.

- Добра, мой камандзiр.

- Цi не хочаце чарачку шартрэзу?

- З ахвотаю, мой камандзiр.

Яны чокнулiся, выпiлi залацiстага лiкёру, i капiтан Грыбуа пайшоў.

III

Марсельскi цягнiк прыбыў на вакзал роўна а дзевятай, высадзiў на перон двух пасажыраў i пайшоў далей - у Нiцу.

Адзiн з iх, высокi i худы, быў пан Сарыб - алейнiк, другi, маленькi i тоўсты - пан Парыс.

Узяўшы ў рукi сакваяжы, яны шпарка папраставалi ў горад, да якога было з кiламетр.

Але калi яны апынулiся перад партовай брамай, варта скрыжавала штыкi i загадала iм iсцi адсюль.

Разгубленыя, збянтэжаныя, аслупянелыя ад здзiўлення, яны адышлiся параiцца i, пашаптаўшыся, рахманыя вярнулiся, назвалiся i хацелi пачаць перамовы.



5 из 7