
Дафнiс, распалены ўсiм гэтым, кiдаўся ў раку, то плёскаўся ў вадзе, то ганяўся за разгулянаю рыбаю; а часта i пiў, як бы хацеў патушыць агонь усярэдзiне. Хлоя ж, падаiўшы авечак i многiх коз, доўга яшчэ ўпраўлялася, каб сквасiць малако; а мухi моцна даймалi i кусалi, калi яна iх праганяла. Пасля яна, умыўшы твар, прыбiралася вянком з хваёвых галiнак i, ахiнуўшы паяснiцу шкурай аляняцi, напаўняла посуд вiном i малаком, каб разам з Дафнiсам выпiць гэтага пiтва.
24
Калi ж надышоў поўдзень, вочы iх адразу трапiлi ў палон чараў. Бо яна, убачыўшы голага Дафнiса, уражаная яго дасканалай красою, знемагала, не знаходзячы ў яго нiякай заганы; ён жа, гледзячы на яе, апаясаную шкураю аляняцi, у хваёвым вянку, калi яна яму падавала кубак, думаў, што бачыць нiмфу з пячоры. Пасля ён хапаў у яе з галавы хваёвы вянок i надзяваў яго на сябе, спачатку пацалаваўшы гэты вянок; яна таксама, калi ён раздзяваўся i купаўся, захiналася ў яго вопратку, спачатку яе пацалаваўшы. Часамi яны кiдалi адно ў аднаго яблыкi або прыбiралi адно аднаму галаву, расчэсваючы валасы на прабор. I Хлоя параўноўвала яго валасы з мiртам, бо яны былi чорныя, ён жа яе твар параўноўваў з яблыкам, бо ён быў белы i румяны. Ён вучыў яе iграць на сiрынзе; але калi яна пачынала дзьмуць, ён выхоплiваў у яе i сам губамi перабiраў чароцiны; i ўдаючы, што папраўляе яе памылкi, прыдумаўшы прыстойную прычыну, праз сiрынгу цалаваў Хлою.
25
Аднаго разу апоўднi, калi ён iграў на сiрынзе, а чароды ляжалi ў цянi, Хлоя непрыкметна задрамала. Заўважыўшы гэта, Дафнiс адклаў сiрынгу, прагна агледзеў яе ўсю - цяпер жа ён анi не саромеўся - i патаемна i разам з тым цiха прашаптаў: "Як гэтыя вочы спяць! Як вусны салодка дыхаюць! Так не пахнуць нi яблыкi, нi кусты. Але я баюся цалаваць: пацалунак ранiць сэрца i, як малады мёд, прыводзiць у шаленства. I я баюся пацалункам разбудзiць яе. О гаварлiвыя цыкады! Яны не дадуць спаць ёй сваiм моцным стракатаннем. Яшчэ i казлы, б'ючыся, ляскаюць рагамi.
