
20
Адразу ж на другi дзень ваявода з воiнамi, якiя заадно былi i веслярамi, выйшаў у адкрытае мора i напаў на прыбярэжныя палi мiтыленцаў. I нарабаваў шмат жывёлы, збожжа, вiна (бо якраз толькi што закончыўся збор вiнаграду); а да таго i нямала людзей, што там працавалi. Падплыў ён i ў мясцiны, дзе былi Хлоя i Дафнiс; хутка высадзiўшыся, цягаў здабычу, якая там толькi траплялася.
Дафнiс якраз не пасвiў коз, а ў лесе зразаў зялёныя галiнкi, каб узiмку кармiць казлянят; убачыўшы згары напад, ён схаваўся ў дупле сухога бука; Хлоя ж была каля статкаў; ратуючыся ад пагонi, яна, шукаючы прытулку, бяжыць да нiмфаў, молячы iмем багiняў пашкадаваць яе i тых, каго яна пасе. Але гэта было дарэмна; метымнейцы, удосталь паздзекаваўшыся са статуй, занялi статкi i пацягнулi яе, б'ючы, як казу цi авечку, лазiною.
21
Напоўнiўшы караблi нарабаванаю рознаю здабычаю, яны пастанавiлi далей не плыць, а вярнуцца дадому, баючыся зiмы i ворагаў. I вось паплылi яны, цяжка налягаючы на вёслы, бо не было ветру; Дафнiс жа, калi ўсё суцiшылася, спусцiўся ў далiну, дзе яны заўсёды пасвiлi, i нi коз не ўбачыў, нi на авечак не натрапiў, нi Хлоi не знайшоў, а толькi поўнае разбурэнне ды кiнутую сiрынгу, якою звычайна Хлоя цешылася; з моцным крыкам i жаласным енкам пачаў ён бегаць то да бука, дзе яны звычайна сядзелi, то да мора, спадзеючыся яе ўбачыць, то да нiмфаў, да якiх яна бегла, калi за ёю гналiся. Там ён кiнуўся на зямлю, вiнавацячы нiмфаў, што здрадзiлi ёй:
22
"У вас забралi Хлою, i вы маглi спакойна глядзець на гэта? Тую, якая вянкi вам пляла, першага малака ўзлiвала, якая вам сiрынгу ў дар ахвяравала? Нiводнай казы ў мяне воўк не сцягнуў, а ворагi ўсю чараду пагналi i тую, што пасвiла са мною. З коз яны шкуру здзiраюць, авечак у ахвяру прыносяць; Хлоя ж з гэтага часу будзе ў горадзе жыць.
