З усiх начэй гэтая падалася яму найдаўжэйшаю. А тае начы вось што здарылася.

25

Ваявода метымнейцаў, адплыўшы стадыяў з дзесятак, захацеў даць адпачыць сваiм воiнам, якiя стамiлiся ад нападу. I вось, дасягнуўшы мыса, што выступаў у мора, выгiнаючыся паўмесяцам, за якiм мора ўтварала бухту, зацiшнейшую за ўсе iншыя, ваявода пакiнуў караблi на якары ў адкрытым моры, каб з сушы нi на адзiн з iх не маглi напасцi сяляне, i дазволiў метымнейцам мiрныя ўцехi. I тыя, нарабаваўшы ўсяго ўдосталь, пiлi, забаўлялiся, нiбы святкавалi перамогу. Але толькi скончыўся дзень i весялосць з надыходам ночы сунялася, як раптам уся зямля нiбы агнём занялася, i пачулiся шумныя ўсплёскi вёслаў, нiбы падплываў вялiкi флот, i адзiн закрычаў: "Да зброi!", а другi клiкаў ваяводу, трэцяму падалося, што ён паранены, i ляжаў там як забiты. Здавалася, што гэта начны бой, толькi ворагаў не было вiдаць.

26

Так прамiнула для iх ноч, i надышоў дзень, яшчэ страшнейшы, чым ноч. Дафнiсавы казлы i козы на рагах мелi плюшч з гронкамi ягад, а Хлоiны бараны i авечкi завылi, як ваўкi. Саму ж яе ўбачылi ў вянку з хваёвых галiнак. I на моры самiм дзеелася шмат незвычайнага. Калi яны паспрабавалi выцягнуць якары, тыя заселi ў глыбiнi; калi метымнейцы бралiся за вёслы, тыя ламалiся; дэльфiны, выскокваючы ўгару з мора, бiлi хвастамi караблi i расслаблялi iх змацаваннi. Са стромай скалы на мысе быў чуваць голас сiрынгi, але ён не цешыў, як звычайна голас дуды, а кожнага, хто слухаў, палохаў, як ваенная труба. Устрывожаныя, кiнулiся яны па зброю i крычалi: "Ворагi", хоць iх не бачылi, так што малiлi яны, каб хутчэй зноў ноч прыйшла, нiбы з ёю будуць мець перамiр'е. Кожны, хто разумна разважае, зразумеў, што гэтыя прывiды i гукi ад Пана, якi за нешта гневаецца на мараплаўцаў.



27 из 75