
Не стану наракаць на лёс. Тры днi я iшоў, пакутаваў ад смагi, трымаўся слядоў на пяску i ўсю надзею ўкладаў у расу. Я забыўся, дзе жывуць мае сабраты, i намагаўся зноў адшукаць iх на зямлi. Гэткiя турботы жывых. I, мяркую, гэта куды важней, чым выбiраць - у якiм бы мюзiк-холе змарнаваць вечар.
Я перастаю разумець тлум прыгарадных цягнiкоў, гэтых людзей, якiя лiчаць сябе людзьмi, аднак яны ўжо так змiзарнелi пад прывычным прыгнётам, што прыпадобнiлiся мурашам, каго яны i бяруць сабе за ўзор. Чым запаўняюць яны свой вольны час, свае нiкчэмныя нядзелькi?
Неяк у Расii мне давялося чуць на адным заводзе, як iгралi Моцарта. Я напiсаў пра гэта. А потым атрымаў дзвесце зневажальных лiстоў. Я нiчога не маю процi тых, хто аддае перавагу корчмам. Яны проста не ведаюць iншай музыкi. Мне непрыемны тыя, хто трымае корчмы. Не пераношу, калi калечаць людзей.
Асабiста я знайшоў сваё шчасце ў сваiм рамястве. Адчуваю сябе ратаем, аэрадром - маё поле. У прыгарадным цягнiку мяне даканала б задуха куды болей цяжкая, чым тут! Тут, што б там нi было, такая раскоша!..
Я нi аб чым не шкадую. Я iграў - i прайграў. Такое ў мяне рамяство. Але ўсё-такi я дыхаў iм, вольным ветрам, ветрам неаглядных прастораў!
Той, хто хоць аднойчы глынуў яго, ужо нiколi не забудзе яго смаку. Цi ж не так, таварышы мае? I справа не ў тым, каб жыць сярод небяспек. Гэта ўсё толькi гучная фраза. Мне не падабаюцца тарэадоры. Не рызыку я люблю. Я ведаю, што я люблю. Я люблю жыццё.
Здаецца, неба пачынае святлець. Выцягваю руку з пяску. Побач ляжыць кавалак парашута, я абмацваю яго: ён сухi. Пачакаем. Раса выпадае на зары. Але вось i зара зблякла, а парашутнае палатно так i не звiльготнела. Думкi мае трошкi блытаюцца, i знекуль да мяне даносiцца ўласны голас: "Сэрца высмягла... сэрца высмягла... сэрца, як камень, не выцiснеш нi слязiнкi!"
7
- У дарогу, Прэво! Пакуль яшчэ не спяклася глотка, трэба iсцi.
