
Цяпер мы адпачываем ужо праз кожныя дзвесце метраў.
- Мы ўсё-такi будзем iсцi, прынамсi, дойдзем хоць да тых кусцiкаў.
Гэта наш крайнi рубеж. Праз тыдзень, калi мы на машыне вернемся за рэшткамi нашага "сiмуна", выявiцца, што ў гэты апошнi паход мы адолелi восемдзесят кiламетраў. А я ўжо прайшоў каля двухсот. Дзе ж было ўзяць сiлы iсцi далей?
Учора я брыў без нiякай надзеi. Сёння самое слова "надзея" страцiла сэнс. Сёння мы iдзём таму, што iдзём. Гэтак, мабыць, брыдуць валы ў сваiх ёрмах. Учора я марыў пра райскiя апельсiнавыя гаi. Але сёння для мяне ўжо не iснуе нiякага раю. Я ўжо не веру ў iснаванне апельсiнавых гаёў.
Я ўжо нiчога не адчуваю, сэрца ўва мне высмагла. Я вось-вось упаду, але роспачы няма. Я нават не смуткую. А шкада: смутак здаўся б мне салодкiм, як вада. Калi шкода сябе - плачашся самому сабе, як сябру. Але ў мяне няма болей нiводнага сябра на свеце.
Калi мяне знойдуць, убачаць мае выпаленыя вочы, то падумаюць: як ён пакутаваў, як ён клiкаў на дапамогу! Але нашы парываннi, шкадаваннi, пакуты душы - гэта ж таксама скарбы. А ў мяне ўжо не засталося нiякiх скарбаў. Юныя нявесты ў першую шлюбную ноч спазнаюць смутак i плачуць. Смутак неаддзельны ад трапятання жыцця. А я ўжо не смуткую...
Я сам - пустыня. Ува мне не ўтвараецца не толькi слiна, ува мне ўжо не ўтвараюцца i мiлыя вобразы, якiя мог бы я аплакваць. Сонца выпетрыла ўва мне крынiцу слёз.
Але - што гэта? Подых надзеi слiзгануў па мне, як лёгкi зыб па моры. Што так раптоўна ўсхвалявала ўсю маю iстоту, хоць свядомасць яшчэ нiчога не ўлавiла? Нiчога ж не змянiлася, i ўсё-такi змянiлася ўсё. Гэты пясчаны абрус, гэтыя пагоркi i рэдкiя плямкi зяленiва - усё гэта ўжо не краявiд, а сцэна. Сцэна яшчэ пустая, але яна ўжо напагатове. Я гляджу на Прэво. Ён таксама нечым уражаны, але i да яго яшчэ не даходзiць сэнс яго адчуванняў.
Клянуся, зараз нешта адбудзецца...
