Ты з'явiўся перада мною, поўны годнасцi i спагады, як усемагутны бог, якi ўладны наталiць спрагненых. У табе адным усе мае сябры i ўсе ворагi iдуць мне на дапамогу, i ў мяне няма ўжо анiводнага ворага ў свеце.

VIII. ЛЮДЗI

1

Зноў я даткнуўся да так i няўцямнай iсцiны. Я бачыў сваю пагiбель, быў на самым дне безнадзейнасцi, але як толькi змiрыўся з гэтым - набыў душэўны спакой. У такiя моманты, здаецца, i спазнаеш сябе самога, знаходзiш у сабе сябра. Нiшто не зраўнаецца з гэтым адчуваннем душэўнай паўнаты, якой мы падсвядома так прагнем. Мне здаецца, гэтую душэўную яснасць ведаў зняможаны вечнымi пагонямi Банафу. Як ведаў яе i загублены ў снягах Гiёмэ. I як мне самому забыцца, як ляжаў я па горла ў пяску i паволi памiраў ад смагi, але чамусьцi так цёпла на сэрцы было мне пад зорным плашчом?

Як яна дасягаецца, гэтая ўнутраная свабода? Так, сапраўды, чалавек повен супярэчнасцей. Яго забяспечваюць хлебам надзённым, каб даць яму магчымасць ствараць, а ён упадае ў спячку, таленавiты пераможца спешчваецца, шчодры чалавек, разбагацеўшы, ператвараецца ў скнару. Што толку ў палiтычных дактрынах, якiя абяцаюць росквiт чалавечай асобы, калi мы не ведаем загадзя, якому тыпу чалавечай асобы яны забяспечаць росквiт? Хто прыйдзе нам на змену? Мы не кормная жывёла, з'яўленне ж аднаго немаёмнага Паскаля мае куды большае значэнне, чым нараджэнне тузiна працвiтаючых нiкчэмных чалавечкаў.

Мы не ўмеем прадбачыць галоўнага. Кожны з нас напатыкаў сама светлыя радасцi там, дзе, здавалася, нiшто i не абяцала iх. I засталася такая туга па iх, што нам бывае шкада самiх нашых няшчасцяў, якiя падарылi нам тыя радасцi. Усiм нам надаралася пры сустрэчы з таварышамi з замiлаваннем прыгадваць сама цяжкiя выпрабаваннi, перажытыя разам.



105 из 122