
Калi была адкрыта паветраная сувязь з Паўднёвай Амерыкай, Мермозу першаму, як заўсёды, было даручана вывучыць маршрут ад Буэнас-Айрэса да Сант'яга i, як раней над Сахарай, перакiнуць мост па-над Андамi. Яму даверылi самалёт, якi мог набiраць вышыню пяць тысяч дзвесце метраў. Вяршынi Кардыльераў сям-там уздымаюцца да сямi тысяч метраў. I Мермоз адарваўся ад зямлi, каб адшукаць праходы. Перамогшы пяскi, Мермоз пайшоў на прыступ гор, узнесеных у неба вяршынь, якiя пры ветры развiнаюць свае снежныя вэлюмы i праднавальнiчную iмглу, i завiхрэннi мiж адвесных скал такiя рэзкiя, што здаецца, уступаеш у нейкi бой на нажах. Мермоз увязваўся ў гэтыя баi, не маючы ўяўлення пра супрацiўца, не ведаючы, цi выходзяць жывымi з такiх паядынкаў. Мермоз "выведваў" для iншых.
I аднойчы, "выведваючы", ён апынуўся ў палоне ў Андаў.
Сеўшы на вышынi чатыры тысячы метраў на плато з вертыкальнымi адхонамi, ён разам са сваiм механiкам два днi сiлiўся вырвацца адтуль. Дарма: яны былi ў пастцы. Тады яны паставiлi на карту апошнi свой шанец, скiравалi самалёт у бок прорвы, пракалацiлiся па камянiстым грунце i сарвалiся ў бяздонне. Падаючы, самалёт нарэшце набраў хуткасць, дастатковую, каб зноў падпарадкавацца кiраванню. Мермоз выраўняў яго акурат насупраць нейкай скалы, але ўсё-такi зачапiў яе вяршыню i, разлiваючы ваду з усiх лопнутых ад марозу ўначы патрубкаў, ужо пашкоджаны, пасля сямi хвiлiн лёту, як да зямлi абяцанай, дабраўся да чылiйскай далiны.
На другi дзень ён пачаў усё спачатку.
Калi Анды былi належна асвоены, калi была добра вывучана тэхнiка пералётаў, Мермоз перадаў гэты маршрут свайму таварышу Гiёмэ i ўзяўся асвойваць ноч.
Тады яшчэ нашы аэрадромы не асвятлялiся так, як зараз, на пасадачных пунктах ноччу Мермозу рыхтавалi скупую iлюмiнацыю з трох бензiнавых вогнiшчаў, раскладзеных у шнур.
