Мы сустракалiся з iмi, "старымi", у рэстаране, - засяроджаныя, нейкiя недаступныя, яны даволi звысоку давалi нам свае парады. I калi нехта з iх, па вяртаннi з Алiкантэ цi Касабланкi, у скуранцы, мокрай ад дажджу, са спазненнем далучаўся да нас, а нехта з нас нясмела цiкавiўся, як прайшоў палёт, яго скупыя адказы i слота на дварэ стваралi ў нашым ўяўленнi цэлы казачны свет, поўны пастак, сiлоў, неспадзяваных скал i завiхрэнняў такой сiлы, што маглi б вырваць з коранем кедры. Чорныя драконы сцераглi доступ на ўзвышшы, вогненныя кароны ўвенчвалi кратэры. Яны, "старыя", умела падтрымлiвалi нашу пашаноту. Але потым нехта з iх не вяртаўся, i жывым заставалася вечна шанаваць iх памяць.

Помню, як вярнуўся Бюры, якi пазней разбiўся ў Карб'ерах. Бывалы лётчык сеў памiж нас i моўчкi, усё яшчэ стомлена горбячыся, стаў нетаропка есцi. Быў вечар аднаго з тых слотных дзён, калi неба гнiе па ўсiм маршруце авiялiнii i лётчыку мроiцца, што ўсе горы куляюцца ў тванi, як гарматы на палубе колiшнiх паруснiкаў, калi лопнуць прымацаваннi. Я паглядзеў на Бюры, пракаўтнуў камяк у горле i нарэшце асмелiўся запытацца, цi цяжкi быў палёт. Бюры не азваўся, засяроджаны, схiлены над талеркай. На борце адкрытых самалётаў у кепскае надвор'е лётчыкi, каб лепей бачыць, высоўваюцца па-за ветравое шкло, i поўхi ветру яшчэ доўга потым свiшчуць у вушах. Але вось, здаецца, Бюры пачуў мяне, падняў галаву, схамянуўся i нечакана хораша засмяяўся. I гэты смех, гэты кароткi смех, якi азарыў ягоную стому, прывёў мяне ў захапленне. Ён нi слова не сказаў пра сваю перамогу, апусцiў галаву i моўчкi зноў запрацаваў скiвiцамi. Але ў прыцемку рэстарана, сярод дробных службоўцаў, якiя аднаўлялi тут свае сiлы пасля нiкчэмных дзённых турбот, гэты таварыш з цяжкiмi плячыма падаўся мне дзiвосна годным: з-пад тоўстай кары праглянуў анёл, якi перамог дракона.

I вось, нарэшце, настаў вечар, калi мяне паклiкалi да дырэктара. Ён коратка сказаў:



2 из 122