Мы пачалi ўладкоўвацца нанач. Дастаўшы з багажнага аддзялення пяць цi шэсць скрынак з таварамi, мы апаражнiлi iх, расставiлi кругам i ўсярэдзiне кожнай, як у прадзiманай ветрам будцы вартаўнiка, запалiлi па тоненькай свечцы. У глухой пустынi, на голай кары планеты, самотныя, як у дагiстарычны час, мы збудавалi людское селiшча.

Наважаныя пераначаваць на галоўнай плошчы нашага селiшча, на голым загоне пяску, на якi са скрынак падала дрыготкае святло, мы пачалi чакаць. Мы чакалi зары, якая павiнна была выратаваць нас, - альбо маўраў. I я не магу нават сказаць, што надавала гэтай ночы прысмак святочнасцi, каляднасцi. Мы дзялiлiся ўспамiнамi, жартавалi i смяялiся.

Нас хмелiў нейкi лёгкi ўздым, якi апаноўвае сэрца ў разгар хораша наладжанага свята. А мы ж былi сапраўдныя галетнiкi. У нас мелiся толькi вецер, пясок ды зоры. Суровы стыль трапiстаў. Але за гэтым скупа асветленым сталом шасцёра цi сямёра мужчын, у якiх тут не мелася анiчагусенькi ў свеце, апрача ўспамiнаў, дзялiлiся нябачнымi скарбамi.

Вось мы i сустрэлiся, нарэшце. Часам доўга крочыш поплеч з людзьмi, замкнёны ў сваiм маўчаннi, цi перакiдваешся словамi, якiя нiчога не значаць. Але вось наступае часiна небяспекi. I ты абнiмаеш таварыша за плечы. Прыходзiць адкрыццё тваёй прыналежнасцi да аднаго супольства. Гэтае адкрыццё прыводзiць да iншых усведамленняў. I ты шырока ўсмiхаешся таварышу. I нагадваеш у такiя хвiлiны выпушчанага на волю вязня, шчаслiвага неабсяжнасцю мора.

2

Гiёмэ, дазволь мне трошкi расказаць пра цябе; я не буду бянтэжыць цябе няўклюдным славалействам, усхваляючы тваё бясстрашша цi тваё прафесiйнае майстэрства. Зусiм пра iншае хацеў бы я сказаць, апавядаючы пра сама дзiвосную з тваiх прыгод.

Ёсць такая рыса характару, якую нават цяжка акрэслiць. Яе можна назваць сур'ёзнасцю, але гэтае слова не зусiм дакладнае. Таму што тая рыса можа выдатна ўжывацца з бесклапотнейшай жыццярадаснасцю. Гэта рыса цеслi, якi, як роўны з роўным, прымошчваецца каля кавалка бервяна, абмацвае яго пальцамi, вымервае, спакваля ацэньвае ўсе яго вартасцi, не спяшаючыся з легкадумнымi вывадамi.



20 из 122