
У воклiку вартавога чуюцца ўсе галасы пустынi. Пустыня перастае быць нежылым домам: маўрытанскi караван - як магнiт уначы.
Здавалася б, мы ў бяспецы. То дзiва! Хвароба, няшчасны выпадак, разбойнiцкi атрад - што толькi нам не пагражае! Чалавек - наземная мiшэнь для патаемных снайпераў. I вартавы сенегалец, як прарок, напамiнае нам пра гэта.
- Французы! - адказваем мы i праходзiм мiма чорнага анёла. I нам лягчэй дыхаецца. Колькi годнасцi надала нам гэтая пагроза... Яна яшчэ такая далёкая, такая няспешная, такая прытупленая неабсяжнасцю пяскоў: алё свет ужо выначыўся, свет ужо не ранейшы. Яна стала насцярожанай, гэтая пустыня. Нейкi няведама дзе блукаючы атрад паўночна-афрыканскай кавалерыi, якi так нiколi i не дабярэцца сюды, надае ёй узнёслую велiч.
Адзiнаццатая гадзiна вечара. З радыёвузла прыходзiць Люка i кажа, што апоўначы прыбывае самалёт з Дакара. На борце ўсё ў парадку. У нуль гадзiн дзесяць пошту перагрузяць ужо ў маю машыну, i я палячу на поўнач. Я старанна галюся перад асколкам люстэрка. Час ад часу, закруцiўшы вакол шыi сурвэтку, я падыходжу да дзвярэй i азiраю голыя пяскi: пагода добрая, але вецер сцiхае. Я вяртаюся да люстэрка. Ёсць над чым падумаць. Калi вецер, якi дзьмуў месяц за месяцам, раптам сцiхае, у небе часам усчынаецца сапраўдны вэрхал. Але пара збiрацца: сiгнальныя лiхтарыкi прывязаны да рэменя, планшэт i алоўкi пры мне. Iду да Неры, якi сёння будзе маiм бартавым радыстам. Ён таксама голiцца. "Ну як?" - пытаюся. Пакуль усё ў парадку. Гэтыя папярэднiя дзеяннi сама нескладаныя з усяго палёту. Нечакана я чую нейкi лёгкi хруст: аб мой лiхтарык б'ецца страказа. I чамусьцi ёкнула сэрца.
Я зноў выходжу i азiраюся: усё спакойна. Скала на ўскрайку форта вырысоўваецца на фоне неба выразна, як удзень. Над пустыняй пануе глыбокая цiшыня дагледжанага дома. Ды вось на мой лiхтарык налятаюць зялёны матылёк i дзве страказы. I мною зноў завалодвае нейкае глухое, цьмянае, ледзь улоўнае прадчуванне цi то радасцi, цi то страху.
