
- Пакаштуйце, - прапанаваў iм праважаты.
Гэта была сапраўдная пiтная вада. Вада! Колькi дзён хады патрабуецца тут, у пустынi, каб дабрацца да блiжэйшага калодзежа, а калi знойдзеш яго, колькi часу трэба выграбаць пясок, якiм забiты гэты калодзеж, пакуль дакапаешся да тванi, ад якой патыхае мачой вярблюдаў! Вада! У Кап-Джубi, у Сiснеросе, у Порт-Эцьене маўрытанскiя дзецi выпрошваюць не манетку - з бляшанкай у руках яны выпрошваюць вады:
- Дай трошкi вады, дай...
- Дам, калi будзеш разумнiк.
Вада тут даражэй золата, маленечкая кропля вады высякае з пяску зялёную iскрынку травянога калiўца. Калi дзе-кольвечы выпадае дождж, уся Сахара прыходзiць у рух. Плямёны перасяляюцца за трыста кiламетраў - туды, дзе цяпер вырасце трава... I гэтая вада, такая скупая, што за дзесяць апошнiх гадоў яна нi кропелькай не пралiлася над Порт-Эцьенам, бурлiла там так, быццам з гiганцкай прабiтай цыстэрны вылiвалiся водныя запасы ўсяго свету.
- Нам пара, - казаў праважаты.
Але яны не зварухнулiся.
- Пачакай...
I замоўклi, i засяроджана, анямела глядзелi на гэтае бясконцае ўрачыстае таiнства. Само жыццё, сама жывая кроў, без якой няма чалавека, вывяргалася з вантробаў гары. За адну секунду яе вылiвалася столькi, што хапiла б ажывiць цэлыя караваны, якiя, п'яныя ад смагi, навекi канулi ў бяздонне саланчакоў i мiражоў. Тут праяўляў сябе сам Бог: немагчыма было адвярнуцца ад яго. Бог раскрыў бездань нябесную, каб паказаць сваю магутнасць: трое маўраў стаялi як укопаныя.
- Ну на што тут глядзець? Хадзем...
- Трэба пачакаць.
- Чаго пачакаць?
- Пакуль вада скончыцца.
Яны хацелi дачакацца, калi богу набрыдне яго вар'яцтва. Ён неўзабаве схамянецца, ён скупы.
- Але гэтая вада льецца ўжо сотнi гадоў!..
У гэты вечар яны не ўспамiнаюць пра вадаспад. Ёсць цуды, пра якiя лепей маўчаць. Лепей нават не думаць пра iх, iнакш увогуле перастанеш што-небудзь разумець. Iнакш можна засумнявацца ў самiм Богу...
