
Часам чорны раб, седзячы на кукiшках ля дзвярэй, цешыцца вечаровай свежасцю. У гэтым цяжкiм целе нявольнiка ўжо пазасыналi ўсе ўспамiны. Ён ужо ледзьве помнiць момант свайго паланення, тыя ўдары, крыкi, мужчынскiя рукi, якiя паверглi яго ў ягоную цяперашнюю ноч. З таго часу ён усё безнадзейней дранцвее ў дзiўным сне, ён як аслеп - бо ён жа не бачыць болей марудных рэк Сенегала цi белых гарадоў паўднёвага Марока, ён як аглух - бо ён жа не чуе болей родных галасоў. Ён не тое што няшчасны, гэты мурын, - ён калека. Воляй выпадку змушаны падначалiцца рытму жыцця качэўнiкаў, iх вандраванню з мясцiны ў мясцiну, навечна прыкуты да iхнiх арбiт па пустынi, што агульнага мог ён захаваць са сваiм мiнулым, з родным ачагом, з жонкай i дзецьмi, якiя цяпер для яго мярцвей нябожчыкаў?
Людзi, якiя доўга жылi ўсепаглынальным каханнем, а потым яго страцiлi, часам стамляюцца ад сваёй гордай самоты. Яны прынiжана мiрацца з жыццём i знаходзяць сваё шчасце ў сама пасрэднай прывязанасцi. Iм прыемна адрачыся ад трона, падпарадкавацца некаму i нiчым не парушаць цiхамiрную плынь будняў. I раб з гонарам распальвае жароўню гаспадара.
- На, вазьмi, - кажа часам важак вязню.
Зараз гаспадар лагодны з рабом, бо зараз адбываецца адпушчэнне чыста ўсёй стомы, чыста ўсёй спякоты, бо зараз яны абодва, плячо ў плячо, спакваля ўступаюць у прахалоду. I ён дорыць яму шклянку чаю. I вязень у прылiве ўдзячнасцi за гэтую шклянку чаю будзе цалаваць ногi гаспадару. Раба нiколi не закоўваюць у ланцугi. Хай не будзе ў iх патрэбы! Хай будзе ён верны сам па сабе! Хай ён, пазбаўлены ўлады, разумна адмовiцца ад свайго каралеўскага трона! Зараз ён - вязень шчаслiвы.
Але некалi яму напраўду дадуць волю. Калi ён зусiм састарыцца i не зможа апраўдаць выдаткаў на ежу цi апратку, тады яму даюць неабмежаваную свабоду.
