- Заўтра ж адпраўляецца пошта... Ты схавай мяне ў самлёце на Агадзiр...

- Бедны дружа Барк!

Мы жылi на тэрыторыi няскораных арабаў, як мы маглi памагчы яму ўцячы? За гэткi грабеж, за гэткую абразу маўры назаўтра ж адпомсцiлi б жорсткай разнёй. Супольна з механiкамi аэрадрома Лабэргам, Маршалем i Абгралем я спрабаваў выкупiць Барка, але маўрам не штодня трапляюцца эўрапейцы, якiя пагалiлiся б на раба. I яны карыстаюцца выпадкам:

- Давайце дваццаць тысяч франкаў.

- Ты смяешся?

- А ты зiрнi, якiя ў яго дужыя рукi...

Гэтак прамiнула яшчэ некалькi месяцаў. Нарэшце дамаганнi маўраў паменшылiся, i я, напiсаўшы сваiм сябрам у Францыю i заручыўшыся iхняй падтрымкай, нарэшце ўбачыў, што здолею выкупiць старога Барка.

Што гэта былi за перагаворы! Яны цягнулiся цэлы тыдзень. Мы вялi iх, пасеўшы ў кружок на пяску, пятнаццаць маўраў i я. Адзiн сябар уласнiка, якi быў i маiм сябрам, Зiн Ульд Ратары, шэльма, спатайка дапамагаў мне.

- Прадай, ты ўсё роўна страцiш яго, - раiў ён гаспадару па маёй падказцы. - Ён хворы. Хвароба пакуль нябачная, але яна ўжо сядзiць унутры. Некалi ён у адначассе распухне i сканае. Не марудзь. Прадавай яго французу.

Я паабяцаў узнагароду яшчэ аднаму галаварэзу - Рагi, калi ён дапаможа мне спраўдзiць пакупку, i Рагi таксама спакушаў уласнiка:

- За грошы ты накупiш вярблюдаў, ружжаў i патронаў. I зможаш сабраць атрад i пайсцi вайной на французаў. Тады ты прывядзеш з Атара трох-чатырох свежанькiх рабоў. Збаўся ад гэтага старога.

I мне прадалi Барка. Цэлы тыдзень я трымаў яго пад замком у нашым бараку, бо калi б ён у чаканнi самалёта блукаў па волi, маўры маглi зноў злавiць яго i перапрадаць далей.



66 из 122