На адвячорку мы вырашылi зрабiць прывал. Я выдатна разумеў, што мы павiнны былi б iсцi далей: гэтая ноч без вады даканае нас. Але мы ўзялi з сабою кавалкi парашута. Калi атрута зыходзiць не ад прапiткi, то заўтра на золку, можа, мы i нап'ёмся. Паспрабуем яшчэ раз расправiць пад зорамi нашы пасткi для расы.

Але ў гэты вечар на поўначы ў небе няма нi хмурынкi. I вецер набыў ужо iншы прысмак. Памяняў ён i напрамак. Нас ужо абвявае гарачае дыханне пустынi. Вось яно, абуджэнне драпежнiка! Я адчуваю, як ён лiжа нам рукi i твар...

I ўсё-такi трэба зрабiць прывал, я зараз не прайду i дзесяцi кiламетраў. За тры днi я прайшоў больш ста васьмiдзесяцi кiламетраў i нiчога не пiў.

Мы ўжо гатовы спынiцца, i раптам Прэво кажа:

- Прысягаю вам, гэта возера!

- Вы звар'яцелi!

- Дык ужо ж цямнее, якiя зараз могуць быць мiражы?

Я маўчу. Я даўно перастаў верыць сваiм вачам. Калi гэта i не мiраж, дык выдумка хворага ўяўлення. I як Прэво яшчэ можа верыць?

А Прэво ўпарцiцца:

- Да яго хвiлiн дваццаць хады, я пайду пагляджу...

Гэтая ўпартасць раздражняе мяне:

- Схадзiце, прагуляйцеся... гэта карысна для здароўя. Але майце на ўвазе, калi яно i ёсць там, ваша возера, яно салёнае. I пайшло яно да д'ябла! Тым болей што яго ўвогуле няма.

Але Прэво, не адрываючы вачэй ад далягляду, ужо адыходзiць. Як знаёма мне гэтая самаўладная, неадольная цяга! I я думаю: "Такiя вось шаленцы i кiдаюцца пад колы паравоза". Я ведаю, Прэво не вернецца. Гэты бязмежны абшар, як прорва, зацягне яго, запамарочыць, i ён ужо не зможа павярнуць назад. Адыдзе трошкi воддаль i звалiцца. Ён памрэ там, я - тут, i ўсё гэта мае так мала значэння!..



95 из 122