
Аднак нейкага пэўнага меркавання не мелася i ў доктара.
- Тут сапраўды, як слушна заўважыў маркiз, усё залежыць ад тэмпераменту. Асабiста мне вядомы толькi адзiн прыклад, калi каханне не тухла цэлых пяцьдзесят пяць гадоў, яго абарвала толькi смерць.
Маркiза ажно запляскала ў ладкi:
- Вось гэта здорава! Можна толькi марыць пра такое каханне! Якая раскоша пяцьдзесят пяць гадоў быць ахiнутым такой апантанай, пранiкнёнай любасцю! Якi шчаслiвы, пэўна, удзячны жыццю быў той чалавек, якога так моцна кахалi!
Доктар усмiхнуўся.
- Сапраўды, мадам, вы не памыляецеся, кахалi мужчыну. Ды вы яго ведаеце гэта спадар Шукэ, наш аптэкар. А жанчына - жанчыну вам таксама даводзiлася бачыць: гэта старая пляцельшчыца крэслаў, яна штогод завiтвала ў замак. Зрэшты, раскажу вам усё падрабязна.
Захапленне паняў адразу атухла; iх расчараваныя тварыкi грэблiва паморшчылiся, як быццам на каханне здатныя былi толькi вытанчаныя, шляхетныя асобы, выклiкаць цiкавасць маглi толькi багатыя людзi.
Доктар прадаўжаў:
- Тры месяцы таму назад мяне паклiкалi да гэтай старой жанчыны: яна памiрала. Яна прыехала ў вёску лiтаральна за дзень да смерцi; вам выпадала бачыць яе калымагу, у якой яна i ездзiла, i жыла, i якую цягнула нягеглая каняка, а вобак беглi дзве вялiзныя чорныя псiны - яе сябры i ахова. Кюрэ быў ужо каля яе. Яна папрасiла нас быць яе душапрыказчыкамi, а каб мы лепей зразумелi сэнс яе апошняга жадання, яна расказала нам пра ўсё сваё жыццё. Я не чуў нiчога дзiўнейшага i гаротнейшага.
Бацькi яе былi пляцельшчыкамi крэслаў - i бацька, i мацi. Яна зроду не ведала iншага жытла, апроч гэтай буды.
Яна бадзялася з самага малку - акрытая лахманамi, вашывая, замурзаная. Сям'я прыпынялася каля рова на ўскрайку якога-небудзь селiшча, каня адпрагалi i пускалi пасвiцца, сабака ўтыкаўся носам у лапы i драмаў, дзяўчынка кулялася ў траве, а бацька з маткай сядзелi ў засенi прыдарожных вязаў i паднаўлялi старыя крэслы вяскоўцаў.
