Прамiнаў месяц за месяцам, а яна не магла забыць нi таго кутка могiлак, нi таго хлопчыка. У надзеi ўбачыцца з iм яшчэ раз яна пачала абкрадваць сваiх бацькоў, утойвала капейку пры ўсякiм зручным выпадку, аблiчвала iх то на рамонце крэслаў, то на куплi харчоў.

Другiм разам, калi яна прыехала ў нашы мясцiны, у яе ў кiшэнi мелася ажно два франкi, аднак ёй пашчасцiла ўбачыць маленькага аптэкара толькi здалёк, у акне аптэкi, дзе ён - такi акуратненькi, чысценькi - сядзеў памiж барвовым шарам i слоiкам з салiцёрам.

Заварожаная, узрушаная, зачараваная праменнасцю каляровай вады, бляскам зiхоткiх крышталiкаў, яна яшчэ мацней палюбiла яго.

Яго вобраз нязгасна жыў у яе душы, i калi яшчэ праз год яна выпадкова натрапiла на маленькага Шукэ за школай, дзе ён гуляў у шарыкi з сябрамi, яна кiнулася да яго, сцiснула ў абдымках i пацалавала так моцна, што ён перапалохаўся i залямантаваў. Тады, каб суцешыць хлапчаня, яна падала яму грошы: тры франкi дваццаць сантымаў - сапраўдны скарб, у хлопчыка ажно вочы акруглелi ад неспадзяванкi.

Ён схаваў грошы ў кiшэню i дазволiў дзеўчаняцi лашчыць сябе столькi, колькi яна хацела.

Чатыры гады запар яна аддавала яму ўвесь свой грашовы прыпас, якi ён ахвоча прысвойваў у абмен на пяшчотныя пацалункi. Мелася ў яе то трыццаць су, то два франкi, то ўсяго дванаццаць су (яна аж плакала ад пакуты i прынiжэння, але той год быў кепскi), апошнiм разам яна падарыла яму цэлы пяцiфранковiк вялiкую круглую манецiну, ён ажно засмяяўся ўсцешана, калi ўбачыў.

Цяпер толькi пра яго яна i думала; ён таксама з пэўнай нецярплiвасцю чакаў, калi яна прыедзе, а заўважыўшы, бег насустрач, i сэрца ў дзяўчынкi гатовае было выскачыць з грудзей.

Потым ён знiк.

Яго паслалi вучыцца ў каледж. Яна даведалася пра гэта з асцярожных роспытаў. Тады яна ўсялякiмi хiтрыкамi стала дамагацца, каб бацькi перамянiлi свой маршрут i прыязджалi сюды ў той час, як пачыналiся школьныя вакацыi. Каб спраўдзiць задуманае, спатрэбiўся цэлы год. I атрымалася так, што яны не бачылiся ажно два гады запар; калi ж сустрэлiся, яна ледзьве пазнала яго, гэтак ён перамянiўся, вырас, пахарашэў, паважнеў у мундзiрчыку з залатымi гузiкамi. А ён прыкiнуўся, быццам не бачыць яе, i ганарыста прайшоў мiма.



4 из 7