Армейскi корпус, у якiм ён служыў, прасоўваўся да Нармандыi, i аднаго дня Вальтэр Шнафс з маленькiм атрадам быў пасланы ў разведку. Яны мусiлi проста даследаваць сумежную наперадзе тэрыторыю i вярнуцца назад. Усё ў наваколлi здавалася цiхiм, нiшто не прадказвала падрыхтаванага нападу цi супрацiву.

Прусакi спакойна спускалiся ў невялiчкую лагчыну, парэзаную глыбокiмi ярамi. Але раптам iх прымусiла спынiцца нечаканая, шалёная пальба. Чалавек дваццаць упалi на месцы. А з маленькага лясочку, велiчынёй не болей за далонь, выскачыла кучка французскiх вольных стралкоў, якiя кiнулiся наперад са штыкамi наперавес.

Спачатку Вальтэр Шнафс застыў, ён быў такi здзiўлены, такi разгублены, што нават не думаў уцякаць. Потым яго апанавала панiчнае жаданне задаць драпака, куды-небудзь знiкнуць. Аднак, гледзячы на хударлявых французаў, якiя подскакам, нiбы статак горных коз, ужо наблiжалiся да прусакоў, ён адразу сцямiў, што ў параўнаннi з iмi будзе бегчы не хутчэй за чарапаху. I тут за шэсць крокаў ад сябе ён заўважыў шырокi роў, зарослы густым хмызняком з сухiмi лiсцямi. Склаўшы ногi, стаўма, як скачуць з моста ў раку, ён скочыў туды, нават не думаючы пра глыбiню.

Ён маланкай праляцеў скрозь шчыльнае покрыва з пераплеценых галiн i вострых шыпоў, якiя параздзiралi яму рукi i твар, i цяжка чвякнуўся задам на каменную крушню.

Адразу падняўшы вочы, ён убачыў над сабой, у прасечанай яго целам дзiрцы, чыстае неба. Гэтая здраднiцкая дзiрка магла яго выдаць, i Вальтэр Шнафс асцярожлiва, ракам, як мага хутчэй папоўз у глыб зарослай густым хмызняком канавы, аддаляючыся ад месца бойкi. Нарэшце ён спынiўся, сеў i прытаiўся, як трус у высокай сухой траве.

Нейкi час ён яшчэ чуў стрэлы, крыкi i енк. Потым шум бойкi пачаў згасаць i нарэшце змоўк. Усё вакол зноў стала цiха i спакойна.

Раптам нешта варухнулася побач з iм. Ён з жахам падскочыў. Гэта была маленькая птушка, - галiнка, на якую яна села, шапацела леташнiм лiсцем. Амаль гадзiну сэрца Вальтэра Шнафса шалёна калацiлася ад спалоху.



2 из 9