
Апалуднi мы праяжджалi празь вёску; вокны былi пазабiваныя дошкамi ад скрыняў, убогiя платы з сухога гальля стаялi дзiравыя, расхiстаныя раўнiнным ветрам. На пляскатых дахах не сушылася бялiзна. Студня стаяла закрытая; не гнаўся за намi сабачы брэх, i нiдзе не паказаўся нiчый твар. Аўтобус, не збаўляючы хуткасьцi, мiнуў вёску, цягнучы за сабой шэры сьцяг вапняковага пылу, шэры, як сьцяг роспачы.
Гарэк зноўку завiхаўся ў вузкiм праходзе, раздаў сэндвiчы, ветлiва падбадзёрыў нас i паабяцаў, што да мэты засталося зусiм мала. Пачалiся iржава-чырвоныя ўзгоркi; глебу засьцiлалi вялiкiя камянi, памiж якiх расьлi малыя бясколерныя кусты. Дарога зьнiжалася, мы ехалi тунэлепадобнай выгбай. Жорсткая сьпёка пякла аўтобуснае нутро. Пасьля дарога зноў вывела на прастору, i мы ўбачылi перарэзаную ракой далiну i вёску каля ракi.
Гарэк падаў нам знак, паведамленьне й запрашэньне, мы накiнулi пiнжакi, а аўтобус запаволiўся i спынiўся на закарэлай глiнiстай пляцоўцы перад чыста пабеленай хаткай. Вапна сьляпiла так, што нам аж балелi вочы. Мы сталi ў халадку, пстрычкамi павыкiдвалi недакуркi, з-пад прымружаных павекаў паглядалi на хатку i чакалi Гарэка, якi зьнiк у ёй.
Мiнула некалькi хвiлiнаў, пакуль ён вярнуўся i прывёў з сабой мужчыну, якога нiхто з нас раней ня бачыў.
"Гэта Бэла Бонца, - сказаў Гарэк, паказваючы на мужчыну. - Спадар Бонца займаўся якраз хатнiмi справамi, але ён гатовы адказаць вам на ўсе пытаньнi".
Мы паглядзелi на Бонца, якi вытрываў нашыя пагляды, зьлёгку апусьцiўшы твар. У яго было старое, пыльна-шэрае аблiчча, рэзкiя чарнаватыя зморшчыны беглi па карку; верхняя губа была апухлая. Бонца, якога нечакана засьпелi за нейкай хатняй працай, быў гладка прычасаны, а запёклая кроў на старой, худой шыi сьведчыла пра ўпартае, стараннае галеньне.
