
- Прабачце, прабачце, - замiтусiўся Данiэль. - Наадварот. Няўжо вы дагэтуль не пераканалiся, што вашы жаданнi для мяне закон? Але на сённяшнi вечар мне трэба ведаць вашы планы, бо я сам павiнен даць адказ.
- Вы жудасны чалавек, - пачулася з тэлефона. - Адкуль я магу ўсё зараней ведаць!.. Вось што... Патэлефануйце мне праз гадзiну... Пастараюся прыняць нейкае рашэнне.
У сталовай, снедаючы разам з Данiэлем, жонка запытала ў яго: цi можа яна разлiчваць напэўна. Ён адказаў не без гумару, што яшчэ не высветлiў, не паспеў дамовiцца па тэлефоне.
У гэты самы час Беатрыса дэ Сольж тэлефанавала П'еру Прад'е, маладому дэпутату, якога яна сустрэла ў Жэневе i паспела пакахаць.
- Гэта вы, Прад'е? - запытала яна. - Ах, не, гэта вы, мадмуазэль Друэ?.. Мне б хацелася пагаварыць з панам Прад'е... Не, не, калi ён загадаў, каб яго не турбавалi, у такiм разе не трэба... Не, не, я разумею... Ён будзе злавацца... Я б толькi хацела ведаць, цi збiраецца ён са мной паехаць на вячэрнi сеанс?.. Што?.. Збiраецца... Гэта ў яго запланавана... А вы ўпэўнены, што ён не пераменiць свайго намеру, як гэта было ўчора?.. Не ведаеце... Так, так... Натуральна... А зараз, канкрэтна, ён вам нiчога не гаварыў?.. Дзякую, мадмуазэль Друэ... Да пабачэння...
Калi крыху пазней Данiэль патэлефанаваў з кабiнета, пакаёўка Беатрысы дэ Сольж яму растлумачыла, што мадам у засмучэннi i вельмi шкадуе, што вечарам не будзе мець часу, бо ёй трэба абавязкова прысутнiчаць на сямейным абедзе.
Данiэль накiраваўся да сваёй жонкi - праверыць, цi дома яна. Жонка ляжала на канапе i чытала кнiгу.
- Дарагая, - звярнуўся ён да яе, - я вельмi рад, што мне ўдалося нарэшце вызвалiцца. Мы разам паслухаем канцэрт. Як гэта цудоўна!
- Якi вы мiлы, харошы! Мне так прыемна!
- I мне таксама.
Калi ён выйшаў, жонка надоўга паглыбiлася ў шчаслiвыя мары. Яна моцна ўпiкнула сябе за нядобрыя думкi аб сваiм мужу.
Пераклад: Юрка Гаўрук
