"Я рыбачыў там, дзе глыбока, тыдзень i не злавiў нiчога, - думаў ён. - Тут ходзяць касякi банiта i альбакораў, можа, сярод iх ёсць вялiкая рыбiна i сёння мне ўдасца яе здабыць".

Яшчэ як след не развiднела, а ён ужо закiнуў шнуры з прынадамi, плынь несла яго з сабой. Адна прынада была на глыбiнi сарака марскiх сажняў, другая - сямiдзесяцi пяцi, а трэцяя i чацвёртая апусцiлiся ў блакiтную ваду ажно на сто i сто дваццаць пяць сажняў. Кожная прынада вiсела галавою ўнiз, стрыжань кручка быў усярэдзiне рыбы, цалкам абвязаны i абшыты, а ўсю тую частку кручка, што была звонку, выгiн i вастрыё пакрывалi свежыя сардзiны. Кожная сардзiна была нанiзана на кручок праз абодва вокi, разам яны ўтваралi паўвянок на прыхаванай гэтак сталi. Не было нiводнай даступнай рыбiне часткi кручка, якая не мела б прыемнага паху ды смаку.

Хлопчык даў яму двух свежых тунцоў, або альбакораў, што звiсалi з двух найдаўжэйшых шнуроў, быццам грузiлы, а на iншых ён меў блакiтнага бегуна* i жоўтага марскога шчупачка, i хоць тыя ўжо выкарыстоўвалiся, але былi ў добрым стане, выдатныя сардзiны надавалi iм прыемны пах i прыцягальнасць.

* Вiд рыбы ў цёплых морах.

Шнур, тоўсты, як ладны аловак, быў прымацаваны пятлёю да толькi што выразанага прута, i варта было пацягнуць або крануць прынаду, як i той прут цягнула ў ваду. Кожны шнур меў два маткi даўжынёю па сорак марскiх сажняў, да iх у выпадку патрэбы можна было прыладзiць яшчэ запасныя маткi. Калi было неабходна, рыба магла павалачы за сабою больш за трыста сажняў шнура.

Зараз ён сачыў, як злёгку апускаюцца ў ваду тры пруты за бортам лодкi, i няспешна веславаў, каб утрымаць шнуры простымi i на адпаведных глыбiнях. Было зусiм светла, сонца магло вызiрнуць у любы момант.

Сонца асцярожна ўзнiмалася з мора, i стары чалавек змог убачыць iншыя лодкi: нiзка на вадзе, не вельмi далёка ад берага, шырока раскiданыя ўпоперак плынi. Потым сонца набралася яскравасцi, бляск упаў на ваду, потым узнялося на поўную моц i, адлюстраваўшыся на гладкай паверхнi мора, рэзнула старога чалавека па вачах, i ён павеславаў, не пазiраючы на сонца.



13 из 71