
- Дэльфiн* - вымавiў услых стары чалавек. - Буйны дэльфiн.
* Стары чалавек называе дэльфiнам адну з некалькiх акiянiчных рыб, адметных пералiвiстасцю афарбоўкi, з востраканцовымi плаўнiкамi.
Ён паклаў вёслы ў лодку i дастаў маленькi шнур, што ляжаў на носе лодкi. Той быў з драцяным павадком, на канцы якога меўся невялiкi кручок, на якi ён насадзiў адну з сардзiн. Стары чалавек апусцiў шнур за борт, а пасля злучыў яго з кармой, прымацаваўшы да нiта з колцам. Тады ён прыладзiў прынаду да другога шнура i пакiнуў яго, скручаным у маток, у цянi на носе лодкi. Ён зноў узяўся веславаць, назiраючы пры гэтым за даўгакрылым чорным птахам, што вiснуў над вадой, палюючы на рыбу.
Ён бачыў, як птушка абмакнулася ў ваду зноў, адкiнуўшы крылы назад, каб нырнуць, а пасля заматляла iмi шалёна, але марна, пераследуючы лятучую рыбу. Стары чалавек не мог не заўважыць пэўнай пакутасцi марской паверхнi, гэта буйныя дэльфiны ўзнiмалi ваду, гонячыся за рыбай. Дэльфiны ўзрэзвалi ваду пад чарадой лятучых рыб i, рухаючыся хутка, не змусiлi б чакаць сябе, калi б тыя апусцiлiся ў ваду. "Гэта вялiкая чарада дэльфiнаў, - падумаў ён. - Яны раскiданы адзiн ад аднаго, i таму ў лятучых рыбаў мала шанцаў. А ў птушкi iх няма ўвогуле. Лятучыя рыбы занадта буйныя ды шпаркiя для iх".
Ён назiраў за тым, як лятучыя рыбы зноў i зноў выстрэльвалi з вады i як бясплённа высiльвалася птушка. "Гэтая чарада дэльфiнаў для мяне страчана, падумаў ён. - Занадта хутка i далёка шыбуюць яны. Але, мажлiва, я падбяру якога блуднiка, а можа, мая вялiкая рыба недзе паблiзу iх. Дзесьцi ж павiнна быць мая вялiкая рыба".
Воблакi над зямлёю паўсталi як горы, бераг здаваўся ўсяго толькi доўгай зялёнай лiнiяй з шэра-сiнiмi ўзгоркамi за ёю. Вада ў моры сталася цёмна-сiняя, амаль фiялетавая. Зiрнуўшы ў яе, ён убачыў чырвонае сяйво планктону ў цёмных глыбiнях i нязвыклае дзiўнае святло сонца. Ён назiраў, каб яго шнуры, знiкаючы з поля зроку, iшлi ў ваду проста, i цешыўся, што бачыў процьму планктону, бо гэта азначала рыбу. Дзiўнае святло ў вадзе, зараз, калi сонца было вышэй, абяцала добрае надвор'е, як i форма воблакаў там, над зямлёю. Але птах зараз амаль не паказваўся, i на паверхнi вады нiчога не вiднелася, апроч некалькiх лапiн жоўтых выцвiлых на сонцы саргасавых водарасцей i фiялетава-вясёлкавага застыгла-дрыгнiстага пузыра - "партугальскага вайсковага карабля"*, што плаваў каля самай лодкi.
