- Пакуль не завiталi акулы, - сказаў ён услых. - Завiтаюць акулы - Божа, ратуй яго i мяне.

"Як табе здаецца, цi вартаваў бы гэтую рыбiну вялiкi Дзi Маджыа так доўга, як вартавацьму я? - задаў ён сабе пытанне. - Я перакананы, што ён быў бы тут яшчэ лепшы за мяне, бо малады i дужы. Ягоны бацька таксама быў рыбак. Дык цi надта балюча яму ад той пятачнай шпоры?"

- Не ведаю, - уголас вымавiў ён. - Пятачнай шпоры ў мяне нiколi не было.

Калi сонца зайшло, стары чалавек прыгадаў, каб надаць сабе ўпэўненасцi, як некалi ў таверне ў Касабланцы ён дужаўся, чыя рука мацнейшая, з вялiзным неграм з Сьенфуэгаса, якi быў наймацнейшым хлопцам ва ўсiм порце. Яны правялi адзiн дзень i адну ноч, упiраючы локцi ў накрэсленую крэйдай на стале рысу, з выпрастанымi перадплеччамi, намёртва счапiўшы рукi. Кожны намагаўся пакласцi руку другога на стол. Багата хто бiўся аб заклад, людзi заходзiлi i пакiдалi пакой, асветлены газнiцамi, а ён глядзеў на неграву ручышчу, на ягоную кiсць i ў твар яму. Яны змянялi рэферы кожныя чатыры гадзiны пасля першых васьмi, каб суддзi маглi паспаць. Кроў выступiла з-пад ягоных пазногцяў i негравых, i яны пазiралi адзiн аднаму ў вочы i на рукi, i на перадплеччы, i спрачальнiкi прыходзiлi i выходзiлi з пакоя, а то ўсаджвалiся на высокiя крэслы, што стаялi каля сцяны, ды назiралi. Лямпы кiдалi ценi на драўляныя афарбаваныя яскравым блакiтам сцены. Неграў цень быў велiзарны, i ён поўз па сцяне, калi вецер раскалыхваў лямпы.

Рознiца памiж грашыма, што ставiлi на кон, i сумай, якую атрымаў бы пераможца ў закладзе, усю ноч мянялася ў той цi iншы бок, i гледачы напампоўвалi негра ромам i запальвалi яму цыгарэты. Урэшце негр, на добрым падпiтку, ажно лез са скуры i аднаго разу змусiў руку старога чалавека, якi тады не быў стары, а быў Сант'ягам Еl Сатреoп*, амаль на тры цалi страцiць раўнавагу.



36 из 71