
* Зубач (гiшп.) - вiд акулы.
Акула iмклiва падплыла да кармы, i калi яна ўхапiлася за рыбiну, стары чалавек убачыў ейны разяўлены рот i дзiўныя вочы, убачыў, як тая рынулася наперад, i пачуў, як ейныя зубы са шчоўканнем секанулi мяса якраз ля хваста. Акулава галава была над паверхняй мора, i спiна ейная паказвалася з вады, i стары чалавек мог чуць, як акула з трэскам iрвала скуру i мяса марлiна, i ён убiў ёй гарпун у галаву, у месцы, дзе лiнiя памiж вачыма перасякаецца з лiнiяй, што пачынаецца ад носа. Але такiх лiнiй у яе не мелася. Была толькi цяжкая завостраная блакiтная галава ды вялiкiя вочы, ды выпнутыя скiвiцы, якiя глыталi, шчоўкаючы, усё, што хапалi. Але тут быў мозг, i стары чалавек ударыў па iм. Ён нанёс удар сваiмi вiльготна-скрываўленымi рукамi, загнаўшы добры гарпун што было змогi. Загнаў яго без надзеi, але з рашучасцю i шчырай злазычнасцю.
Акула перакруцiлася, i стары чалавек убачыў, што ейнае вока нежывое. Потым яна перакруцiлася яшчэ раз, загортваючы сябе ў дзве вяровачныя пятлi. Стары чалавек ведаў, што акула мёртвая, але тая не жадала з гэтым пагадзiцца. Пасля, лежачы на спiне, лупячы хвастом i шчоўкаючы скiвiцамi, акула плужыла ваду, як гэта робiць быстраходная маторная лодка. Вада сталася белая там, дзе яна бiла па ёй хвастом, i тры чвэрцi тулава выступалi над вадой, ажно вяроўка напнулася, задрыжала i лопнула. Кароткi прамежак часу акула спакойна ляжала на паверхнi, а стары чалавек глядзеў на яе. Пасля яна вельмi паволi стала апускацца ўнiз...
- Яна забрала фунтаў сорак, - вымавiў стары чалавек. - I яшчэ яна ўзяла мой гарпун i ўсю вяроўку, - падумаў ён, - i цяпер мая рыба крывавiць зноў, так што трэба чакаць другiх акул.
