Паколькi згодна аднагалоснага акрэслення шматвопытных жанчын Стась "пайшоў па маме", мы асмелiмся першае слова сказаць пра яе. Гэта тым больш неабходна, што кавалiха будзе выконваць ролю ў здарэннi, якое (прызнаемся з сумам) не будзе нi крымiнальным злачынствам, нi раманам з гарачай малiтвай пра помсту.

Каля грэблi, немаведама калi не гразкай, над вялiкай сажалкай, у якой багата рос трыснёг i адлюстроўваўся прыбярэжны алешнiк, стаяў млын. Стары, счарнелы будынак з маленькiмi шыбкамi вокан; з правага боку яго былi два вялiзныя колы, дзякуючы якiм будынак гэты ўжо трыццаць гадоў тросся i клекатаў, наганяючы ў кашалёк уладальнiка, Ставiньскага, шчодрыя грошы.

У млынара былi сын i дачка, якраз Малгося. Сына Ставiньскi паслаў у людзi, каб навучыўся добра пытляваць, а дачку трымаў дома. Ёй хапала ўсяго, бацька грошай не шкадаваў нi на дзявочыя ўборы, нi на хатнiя патрэбы. Не хапала ёй толькi ласкi.

Стары не быў благiм чалавекам, аднак халаднаватым, гаварыў мала i востра, увесь быў заняты справамi. Пiльнаваў парабчукоў, каб не кралi людскога збожжа, клапацiўся, каб парсюкам, што парохквалi пад падлогай млына, спраўна адсыпалася дзесятая частка вотруб'я, падлiчваў працэнты за пазычаныя грошы, што спаганяў, а што пускаў у рух...

У такiх умовах Малгося жыла толькi з прыродай, а кахала - свой млын... Калi яна ўдзень працавала ў агародзе або кармiла курэй i вялiкiх тлустых качак, а то пагладжвала кароў, якiя на голас яе iшлi, як сабакi, - млын шумеў i тарахцеў сур'ёзныя, незвычайныя мелодыi. У тарахценнi яго перагуквалiся ўсе iнструменты: скрыпкi, бубны, арганы; аднак iгралi яны штосьцi такое, чаго нiводзiн аркестр, нiводзiн арганiст не змог бы паўтарыць.

Прырода здавалася Малгосi вельмi вялiкiм возерам, люстра якога даставала аж да неба, а кроплямi былi: вёскi, параскiданыя ў палях, алешнiк, луг, млын, грушы на межах, кветкi ў яе агародзе, птушкi i яна сама...



2 из 41