Гэтай ноччу абое яны не заснулi.

Назаўтра былi закручаны апошнiя балты i падняты застаўкi. Вада з шумам абрынулася на засохлыя з нудоты колы, якiя захiсталiся i пачалi круцiцца. Млын iшоў як мае быць!..

Ставiньскi, каб не выдаць хвалявання, прыкусiў губу, аднак рукi яго дрыжалi ад радасцi. Агледзеў усё, аблаяў парабчукоў, а тады ўжо запрасiў каваля ў хату, па грошы, i паставiў бутэльку мёду.

Калi ён выклаў на стол новенькiя паперкi, Шарак пачухаў за вухам i неяк сумна ўсмiхнуўся. Млынар заўважыў гэта.

- Што, сынок, - спытаўся ён, - табе i крыўдна яшчэ, што дваццаць тры рублi з кiшэнi маёй выпудзiў?

- За такi рамонт млына мне ад вас можна было б i дачку ўзяць! - шапнуў Юзаф.

- Што? - крыкнуў стары. - Хочаш дачку замест грошай?

- Мне б i тое, i тое...

Ставiньскi быстра зiрнуў яму ў вочы.

- Але ж я за ёю грошай цяпер не дам, толькi пасля мае смерцi, - сказаў ён.

- Мне жыць даўжэй, чым вам, - адказаў каваль i пацалаваў яго руку. - Без пасагу дзеўку вы ж не аддасце, а мне самому так сумна, асаблiва зiмою...

У адчыненым акне мiльганулася Малгосiна галава.

- Ану, iдзi сюды! - паклiкаў бацька.

- Я не пайду, - адказала дзяўчына, засланiўшы вочы, - няхай татка самi ўсё вырашаюць!..

Ставiньскi пакiваў галавой.

- Ой, каваль, каваль! - сказаў ён. - Часу ты тут, бачу, дарма не трацiў. Што ж, калi такая ўжо божая воля, дык аддам я табе дзяўчыну, бо майстар ты добры, i, ведаю, з дастаткам... Толькi дзiця маё не крыўдзь, бо гэтага я табе не дараваў бы...

Праз некалькi тыдняў адгулялi Малгосiна вяселле з кавалём - папелi, папiлi, наскакалiся. Пры выпадку памiрылася двух, даўно пасвараных суседзяў, а пасварылася чатырох. Адзiн з парабчукоў Ставiньскага, трохi падпiўшы, кляўся, што з вялiкага гора ўтопiцца, але абмежаваўся яшчэ большай выпiўкай. Затое адзiн гаспадар, якi даўно меў намер адмовiцца ад гарэлкi, увалiўся нехаця ў сажалку, за што яго жонка добра такi паўшчувала.



8 из 41