Я зазнаў страх сярод белага дня прыблiзна дзесяць гадоў таму. I я зноў адчуў яго летась узiмку, снежаньскай ноччу.

Я перажыў шмат прыгод, шмат здарэнняў, якiя здавалiся смяротна небяспечнымi. Часта я бiўся ў бойках. Аднойчы мяне кiнулi памiраць зладзеi. Аднойчы ў Амерыцы я быў асуджаны на шыбенiцу за ўдзел у паўстаннi. Аднойчы мяне скiнулi ў мора з карабля каля берагоў Кiтая. Кожнага разу я думаў, што мне прыйшоў канец, i адразу ж скараўся перад абставiнамi, не расчульваючыся i нават не шкадуючы.

Але страх - гэта зусiм iншае.

Упершыню я зведаў яго ў Афрыцы. I ўсё ж страх - спараджэнне Поўначы. Сонца разганяе яго, як туман. Адзначце сабе гэта, панове. Ва ўсходнiх народаў жыццё не каштуе нi шэлега, паўсюль пануе пакорлiвасць, ночы там светлыя i без таямнiчых легендаў, душы таксама пустыя - у iх няма той змрочнай трывогi, якая гняце насельнiкаў паўночных краiн. На Ўсходзе можна адчуць панiку, страх там невядомы.

Дык вось што са мной адбылося на афрыканскай зямлi:

Я iшоў праз вялiкiя дзюны на поўдзень ад Уарглы. Гэта адна з найдзiўнейшых мясцiн на свеце. Вы добра сабе ўяўляеце роўныя i аднастайныя пясчаныя краявiды бясконцага акiянскага берага. А цяпер уявiце сабе, што сам акiян у шторм раптам ператварыўся ў пясок; уявiце сабе нямую буру нерухомых хваляў жоўтага пылу. Яны здаюцца гарамi, гэтыя розныя вышынёй i формай пясчаныя гурбы, што ўздыбiлiся, нiбы раз'юшаныя хвалi. А на гэтае разлютаванае, нямое, нерухомае мора няшчаднае паўднёвае сонца лiе бязлiтасныя промнi. I трэба лезцi на гэтыя валы з залатога попелу, апускацца, зноў узбiрацца, бясконца, бесперапынна, а навокал - а нi лапiнкi ценю. Конi хрыпяць, правальваюцца па калена i спаўзаюць з пяском па схiлах дзiвосных узгоркаў.



2 из 6