
Кафка Франц
Стук у браму (на белорусском языке)
Франц Кафка
Стук у браму
Пераклад: Лявон Баршчэўскi
Гэта было ўлетку, спякотным днём. Iдучы дамоў разам з сястрою, мы якраз прамiналi нечую вялiзную браму. Не ведаю - цi то каб трохi пасваволiць, цi то з рассеянасцi - але сястра ляпнула кулаком па палавiнцы брамы; а можа, толькi пагразiла кулаком i нiякага стуку не было. Сто крокаў далей - там, дзе прасёлак рабiў крук улева, - пачыналася вёска. Якая - мы не ведалi, але калi прайшлi паўз першую хату, насустрач нам выйшлi людзi: яны махалi нам рукамi прыязна альбо з перасцярогаю - самi напалоханыя, прыцiснутыя цяжарам страху. Яны ўсё паказвалi на двор, паўз якi мы былi прайшлi, i нагадвалi пра той стук у браму. Маўляў, гаспадары будуць скардзiцца на нас у суд, зараз пачнецца следства. Ды я заставаўся вельмi спакойны i сказаў сястры, каб яна надта не палохалася. Яна ж, вiдаць, зусiм i не стукала па той браме, а калi й стукала, дык нiхто на свеце давесцi гэтага не здолее. Я паспрабаваў растлумачыць усё тым людзям - яны слухалi мяне, але нiчога не казалi. Пасля ўсё ж выказалiся: вiнавацiць за гэты ўчынак будуць не толькi маю сястру, але i мяне самога - як яе брата. Я, усмiхаючыся, згодна закiваў галавою. Тут мы ўсе разам азiрнулiся i паглядзелi на той самы двор - як глядзяць на далёкiя клубы дыму, чакаючы, што вось-вось пыхне полымя. Так яно i было: неўзабаве мы ўбачылi, як праз шырака расчыненую браму праехалi коннiкi. Клубом узвiўся пыл, пад iм схавалася амаль усё - толькi блiшчалi вострыя аканечнiкi дзiдаў. I не паспеў яшчэ той ланцуг знiкнуць увесь за брамаю, як, здаецца, коннiкi ўжо завярнулi назад i былi па дарозе ў наш бок. Я сказаў сястры, каб яна сышла куды-небудзь, прыхавалася: маўляў, сам з iмi разбяруся. Яна не схацела пакiдаць мяне аднаго. Тады я сказаў, што ёй трэба хоць бы пераадзецца, памяняць сукенку, каб выглядаць перад тымi панамi больш выгодна. Урэшце яна згадзiлася i неўзабаве рушыла ў няблiзкую дарогу дадому.
