Яшчэ правей - па-за гэтай вяршыняй - край iншай старонкi, але скiраваны да бакавой часткi стала; ён высоўваецца на цэлы корх, па форме - таксама трохкутнiк, падобны амаль да паўквадрата, рассечанага наўскасяк. Памiж вяршыняю гэтага трохкутнiка i найблiжэйшым слоўнiкам, на вашчанай паверхнi стала - белаваты прадмет велiчынёю з кулак: адпалiраваны часам камень, выдзеўбаны ўсярэдзiне, накшталт кубка з вельмi тоўстымi берагамi - намнога таўсцейшымi за сам выдаўб, - абрыс няроўны i плаўны. У выдзеўбанай ямцы, сярод попелу - раздушаны недакурак. На цыгарэтнай паперы з незапаленага канца выразныя сляды губной памады.

Аднак чалавек на сцэне, як вiдаць, - мужчына: коратка стрыжаныя валасы, пiнжак, штаны. Калi перавесцi позiрк, можна заўважыць, што ён ужо ля дзвярэй, павярнуўся да iх тварам - гэта значыць, па-ранейшаму - спiнай да залы. Здаецца, ён намагаецца нешта пачуць - тое, што адбываецца там, па той бок.

Але ў зале не чуваць нi гуку. Нарэшце не азiраючыся чалавек пачынае адыходзiць задам да рампы, не зводзiць вочы з дзвярэй. Наблiзiўшыся да стала, кладзе правую руку на рог i...

- Павальней, - прамаўляе голас з залы.

Безумоўна, нехта гаворыць у рупар: слова гучыць надта моцна.

Чалавек спыняецца. Голас паўтарае:

- Павальней, той самы рух! Пачнiце зноў ад дзвярэй: спачатку ступаеце адзiн крок, назад - толькi адзiн - i спыняецеся, секунд на пятнаццаць-дваццаць. Потым зноў, задам, адыходзiце да стала, але намнога павальней.

Iзноў чалавек ля дзвярэй, павярнуўся да iх тварам - гэта значыць, па-ранейшаму - спiнай да залы. Здаецца, ён намагаецца нешта пачуць - тое, што адбываецца там, па той бок. У зале не чуваць нi гуку. Не азiраючыся, чалавек ступае адзiн раз - назад - i нерухомее. Праз нейкi час - зноў, задам, пачынае адыходзiць да стала, дзе яго чакае твор, - вельмi павольна, роўнай, бязгучнай хадой, ступае дробна, не зводзiць вочы з дзвярэй. Рухаецца па прамой, увесь час з аднолькавай хуткасцю. Ногi ледзь варушацца, цела - абсалютна нерухомае, абедзве рукi - таксама, крыху разведзеныя, не датыкаюцца да бакоў, ледзь прыкметна сагнутыя.



3 из 4