
9 жнiўня. - Нiчога. Але мне страшна.
10 жнiўня. - Нiчога. Што чакае мяне заўтра?
11 жнiўня. - Зноў нiчога. Я не магу больш заставацца дома з гэтым страхам i гэтымi думкамi, што ўвайшлi ў маю душу. Я ад'язджаю.
12 жнiўня. - Дзесятая гадзiна ўвечары. Увесь дзень я выбiраўся паехаць i не здолеў. Я хацеў выканаць гэты такi просты акт свабоды - выйсцi, сесцi ў экiпаж i паехаць у Руан - i не здолеў. Чаму?
13 жнiўня. -Некаторыя хваробы дзейнiчаюць на чалавека такiм чынам, што ўся яго псiхiчная i фiзiчная энергiя вычэрпваецца, мышцы слабнуць, косцi робяцца мяккiя, як плоць, а плоць становiцца вадою. Са здзiўленнем i роспаччу я адчуваю ўсё гэта ў сабе. Я не маю больш нiякай сiлы, адвагi, я не валодаю сабою, не магу кiраваць сваёй воляй. Я больш не ўмею хацець - нехта хоча замест мяне, i я падпарадкоўваюся.
14 жнiўня. - Мне канец! Нехта валодае маёй душой i загадвае ёй! Нехта кiруе ўсiмi маiмi ўчынкамi, рухамi, думкамi. Я ўжо не належу сам сабе, я толькi пакорлiва i спалохана гляджу на ўсё тое, што раблю. Я хачу паехаць - i не магу. ЁН не хоча - i я ашалелы застаюся сядзець у фатэлi, ён прымушае мяне. Я хачу аднаго - устаць, прыўзняцца, каб толькi ўпэўнiцца ў сабе. Але я не магу! Мяне нiбы прыкулi да фатэля, а яго - прыклеiлi да падлогi так, што нiякая сiла нас не адарве.
Пасля раптам я павiнен, ПАВIНЕН iсцi ў дальнi куток саду, збiраць трускаўкi i есцi iх. I я iду. Збiраю трускаўкi i ем iх! О, Божа! Божа мой! Цi ёсць Бог? Калi ёсць - хай вызвалiць мяне! Хай ратуе мяне! Даруе мне! Злiтуецца! Выратуе! О! Якiя пакуты! Якi жах!
15 жнiўня. - Пэўна, у такiм самым стане была мая кузiна, калi яна прыйшла да мяне пазычыць пяць тысяч франкаў. У яе ўвайшла чужая воля, нiбы другая душа, паразiтычная i ўладарная. Цi, можа, ужо настае канец свету?
