Я прачынаюся, поўны радасцi, мне хочацца спяваць. Чаму? Я гуляю па беразе, i раптам, прайшоўшы яшчэ зусiм мала, паварочваю назад засмучаны, быццам дома мяне чакае нейкае няшчасце. Чаму? Можа, дрыжыкi холаду, прабегшы па скуры, закранулi нервы i засмуцiлi маю душу? Цi, можа, форма аблокаў, цi колер неба, цi хутказменлiвыя адценнi рэчаў, прайшоўшы перад маiмi вачыма, расхвалявалi мой розум? Хто ведае? Усё, што нас акаляе - усё тое, што мы бачым, але не прыглядаемся блiжэй, усё тое, што мы мiнаем, але не спазнаём падрабязней, усё тое, да чаго мы дакранаемся, але не абмацваем, усё тое, што мы сустракаем, але не распазнаём - усё гэта iмгненна, незвычайна, невытлумачальна адбiваецца на нас, на нашых пачуццях, а праз iх - на думках i нават на сэрцы.

Якая глыбокая гэтая таямнiца, таямнiца Нябачнага! Мы не здольныя спасцiгнуць яе нашымi недасканалымi органамi пачуццяў. Нашы вочы не могуць бачыць нi занадта малое, нi занадта вялiкае, нi занадта блiзкае, нi занадта далёкае, нi жыхароў далёкае зоркi, нi насельнiкаў кроплi вады... Нашы вушы падманваюць нас, бо толькi ператвараюць вiбрацыю паветра ў гукавыя сiгналы. Гэта феi, якiя нейкiм цудам робяць з рухаў паветра гукi, i гэтая метамарфоза нараджае музыку, нямыя прыродныя рухi робяцца спевамi... Наш нюх вельмi слабы, намнога слабейшы за сабачы... З нашым адчуваннем смаку мы нават не можам вызначыць век вiна!

Каб мы толькi мелi iншыя органы, якiя б падаравалi нам iншыя цудоўныя ператварэннi, колькi б рэчаў мы яшчэ адкрылi вакол нас!

16 траўня. - Я папраўдзе захварэў! А яшчэ месяц таму я так добра сябе адчуваў! У мяне гарачка, страшная гарачка, цi хутчэй нейкi гарачкавы неўроз, ад якога мая душа пакутуе не менш, чым маё цела. Мяне ўвесь час турбуе жахлiвае прадчуванне нейкай неадступнай небяспекi, страх перад блiзкiм няшчасцем, наблiжэннем смерцi, i адчуванне гэтае - вынiк дзеяння нейкай яшчэ невядомай хваробы.

18 траўня. - Толькi што я схадзiў да свайго лекара, бо апошнiмi начамi я не мог заснуць.



2 из 25