20 жнiўня. - Забiць яго! Але як? Я ж не магу яго схапiць. Атрута? Але ён убачыць, як я кладу яе ў ваду. I яшчэ: цi нашыя яды здолеюць пашкодзiць яму? Не, вядома ж, не... Тады... што ж тады?..

21 жнiўня. - Я выклiкаў з Руана слесара i заказаў яму металiчныя жалюзi на вокны майго пакоя, якраз такiя, якiя можна бачыць у Парыжы на вокнах першых паверхаў прыватных гатэляў, якiмi бароняцца ад зладзеяў. Апроч гэтага ён зробiць такiя самыя яшчэ i на дзверы. Я здаўся яму баязлiўцам, але мне на гэта напляваць!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

10 верасня. - Руан, гатэль "Кантыненталь". Гатова... гатова, але цi ён памёр? Тое, што я ўбачыў, перавярнула мне душу.

Значыць, так. Учора, калi слесар паставiў жалюзi i жалезныя дзверы, я пакiнуў iх адчыненыя да апоўначы. Пачало рабiцца халодна.

Раптам я адчуў, што ён тут, i мяне ахапiла шалёная радасць. Я павольна падняўся i пачаў хадзiць з кута ў кут. Хадзiў я наўмысна доўга, каб ён нi пра што не здагадаўся. Пасля я зняў чаравiкi i абуў старыя пантофлi. Тады я зачынiў жалюзi i, спакойна падышоўшы да дзвярэй, замкнуў iх на два абароты. Вярнуўшыся да вокнаў, я зачынiў iх яшчэ на замок i паклаў ключы ў кiшэню.

I раптам я зразумеў, што ён круцiцца недзе вакол мяне, што ён таксама баiцца, што ён загадвае, каб я яму адчынiў. Я ледзь не саступiў, але не саступiў, а, прыцiснуўшыся да дзвярэй, трошкi прачынiў iх якраз настолькi, каб праскочыць самому. Я быў перакананы, што ён не паспеў праслiзнуць разам са мною. Я зачынiў яго ў пакоi. Якое шчасце! Ён быў у маiх руках! Я збег па сходах у салон, што пад маiм пакоем, узяў абедзве лямпы i вылiў з iх увесь алей на дыван, на мэблю, паўсюль. Пасля я падпалiў i ўцёк, добра зачынiўшы вялiкiя ўваходныя дзверы.

Я схаваўся ў глыбiнi саду, у зараснiку лаўру. Чакаць давялося так доўга! Я пачаў ужо думаць, што агонь патух сам або ён яго патушыў. I тут раптам адно акно на першым паверсе лопнула пад нацiскам пажару, i полымя, вялiкае чырвона-жоўтае, доўгае, мяккае, пяшчотнае полымя ўзнялося ўздоўж белага муру аж да даху i пачало цалаваць яго.



23 из 25