
яму карабiн, i кажа, што йдзе ў горад завязваць мiжнародныя зносiны, потым прыходзiць сяржант Брчул, бамбiза два мэтры i злосны як сабака, i пытаецца, дзе той жыдок, я кажу, што пайшоў да граду, а той сяржант пачынае лаяцца, ебэм тi бога i курэц надробно, i кажа, што Фрайгер фон Вухерэр забаранiў валачыцца па граду, потым лёг на ложак таго жыдка, па поўначы той вярнуўся ўвесь умакрэлы ад дзяўчат, а сяржант Брчул усхапiўся i надаваў яму таўхуноў нагою, ажно той зьвiваўся на зямлi ў выхадным мундзiры, i адразу мусiў iсьцi на варту, а калi я пайшоў зьмянiць яго тае ветраное начы, ён ужо спруцянеў каля камля дрэва ў куце падворышча, павесiўся на той лякаванай дзязе, сёньня пра такiя рэчы ня ведаюць, я распавядаў пра гэта ў Лiбэнi, але кiроўцы сьмяялiся зь мяне i бралiся навыперадкi сваiмi стоадзiнаццаткамi з узгоркў ў Гарларэзах, калi зьяжджалi ўнiз, была субота папоўднi, дантыст вярнуўся па парасон, бо забыўся, i якраз пiхаў ключ у замок свайга кабiнэта, але ў адной стоадзiнаццаткi лопнула рысора i машына наляцела на кабiнэт i адвалiла яго ад таго ключа, а той дантыст тамака стаяў i ўвесь час трымаўся за той ключ, калi б гэта толькi бачыў граф Зэлiкоўскi, генэрал вядомы сваёй грубасьцю, маёр Мiхаховiч, якi выплочваў нам грошы, раскладваў банкноты па стале i прыцiскаў iх каменчыкамi, каб вецер не пазьдзiмаў, ён заадно нас i перасьцерагаў, каб мы не прапiлi тыя грошы адразу, але каб купiлi сабе гузiкi, вазэлiну i нiткi, а ваколiца была прыгожая, рамантыка як у Ерусалiме, тыя дарогi пад гару ўвесь час трэба было папраўляць, людзi жывiлiся аўсянымi блiнамi, вiнаграднiкi цьвёрдыя як бэтон, адна дальматынка, што сядзела ў гаiку й пасьвiла авечкi, гэта было як на малюнку, адразу мяне заатакавала, пане, вы свабодны? а калi я кiўнуў, тут жа прыселася да мяне i пачала мне паказваць, хто ў якой халупе памёр, але мне трэба было йсьцi практыкавацца з новымi гранатамi, выглядала тая граната, панна, як грушка, зь якой замест хвосьцiка тырчыць вяровачка, камандзiр узводу вучыў нас на iмiтацыi, пацягнуць за вяровачку, палiчыць да дванаццацi, а потым шпурнуць, потым пайшоў у прыбiральню, а нейкi спрытнюк падлажыў яму сапраўдную гранату, i калi мы паўтаралi практыкаваньне, дык бабах!