
а я ёй распавёў пра эўрапейскi рэнэсанс i што сапраўдны мужчына трымцiць як пасоленая жаба, калi бачыць прыгожую жанчыну, таму шмат пiсьменьнiкаў вар'яцее ад мастацтва, бо калi хочуць яго палепшыць, мозг рассыпаецца ў iх як пацяруха, i нiхто ўжо не пазьбiрае яго ў кучу, сымфанiст Iштван абарваў жырандоль ад жалю, а па Эдысана прыйша нарачоная, але ён увесь час раздумваў, пад нагамi меў шкляны столiк, каб яму не замiнала зямное прыцягненьне, а тут прыходзiць прыгожая нарачоная, калi яму пасьля сьмерцi адчынiлi чэрап, таз поўны шэрага мозгу, мне адна варажбiтка вываражыла з картаў, што калi б мяне не перакрыла маленечкая хмарка, я б зьдзейсьнiў вялiкiя рэчы, ня толькi для свайго народу, але i для ўсяго чалавецтва, варажбiтка працягнула да мяне рукi, а я адхiлiўся ў крэсьле-качалцы i вылiў акварыюм, усё гэта я распавядаў той польскай панi доктарцы, а яна лягла на мяне i запыталася, куды пойдзем сёньня вечарам? а я зацытаваў ёй соньнiк Анны Новакавай, чыжыка ў клетцы прысьнiць, тваё распуснае жыцьцё прывядзе цябе да жалюгоднага канца, а доктарка ўзьнялася i кажа, выберце сабе нейкi лепшы сон, добра? дык я ёй сказаў, бачыць у сьне юбiлейную выставу значыць неспатоленую жарсьць, а тая доктарка адказала, што на пачатак гэтага хапiла б, i пусьцiла да мяне турэцкае вочка, рэч у тым, што мужчыны адразу думаюць пра брыдоту, тым часам як я паступаю тактычна, каб можна было ганарыцца перамогай, аднойчы прыйшоў да нас Марыён, iлюзiянiст i гiпнатызэр, якi сам сабе ставiў пячаткi на дазволах на выступы, бо як толькi зьяўляўся ў ведамстве, службоўцы давалi драла, каб iх не загiпнатызаваў, у той час я меўся выступiць на эстрадзе, засьпяваць "Балалайку" ў мундзiры афiцэра гвардыi, на сцэне былi самыя дзьверы зь дзiркамi для ключоў, а я сьпяваў "Жанчын прыгожых цалаваў я ўдосталь", на мяне сьвяцiлася фiялетавае сьвятло, калi я сьпяваў, "Балалайка, грай песьню з усiх найпрыгажэйшую, песьню сэрцу найблiжэйшую, аб тым, што я кахаю", i пабiў усiх высокiм "до", гэтага нiводзiн гарладзёр