
XIV
Яна заўсёды маўчала, цiха сядзела ў куточку, сцiпла схiлiўшыся, лiчачы пошапкам - яшчэ накiд, два вочкi направа, тры налева, цяпер направа ўвесь радок, такая жаноцкая, непрыкметная (не звяртайце ўвагi, мне тут вельмi добра, мне нiчога не трэба), - але яны ўвесь час адчувалi, нiбы асаблiва чуллiвым месцам на скуры, чулi яе прысутнасць.
Яны нi на хвiлiну не зводзiлi з яе вачэй, як загiпнатызаваныя, з прыхаваным страхам сачылi за кожным словам, кожнай ледзь прыкметнай зменаю iнтанацыi, самым лёгкiм яе адценнем, за кожным рухам, за кожным позiркам; яны хадзiлi на дыбачках, азiраючыся на ўсякi шолах - бо яны ведалi: тут паўсюль таямнiчыя пасткi, да якiх нельга нi падыходзiць, нi дакранацца, iначай, пры самым найменшым дотыку, - званочкi, як у казцы ў Гофмана, тысячы маленькiх званочкаў, з чыстымi, нiбыта дзявочымi галасамi, - закалоцяцца, зазвiняць.
Але часам, нягледзячы на ўсе перасцярогi, на ўсе намаганнi, калi яны бачылi, як яна, быццам крохкая i кволая падводная раслiна з рухлiвымi, натапыранымi ва ўсе бакi атожылкамi, цiхутка сядзiць пад святлом, што спадае ад лямпы, яны адчувалi, што пачынаюць слiзгаць, пачынаюць падаць усiм цяжарам, падмiнаючы пад сябе ўсё, i тады з iх так i лезла - бязглуздыя досцiпы, кпiны, жудасныя гiсторыi пра канiбалаў - усё гэта так i лезла, лопалася, i яны не маглi сябе ўтрымаць. А яна млява скурчвалася - ах, як гэта жахлiва! - яна ўспамiнала пра свой пакойчык, свой мiлы прыстанак, дзе можна схавацца, дзе яна ўкленчыць на каберчыку каля ложка, у глухой палатнянай сарочцы пад самае горла, такая па-дзiцячы шчырая, па-дзiцячы чыстая, - Тэрэза з Лiзьё, святая Кацярына, Бландзiна... - i, сцiскаючы ў пальчыках залаты ланцужок на шыi, памолiцца за ўсе iх грахi.
