
Яны заўсёды, спрадвеку ведалi, як трымаць яго ў сваёй уладзе, не пакiдаючы анi прадыху, анi глыточка свежасцi, як паглынуць яго цалкам, да астатняй кроплi. Яны дзялiлi яго, разбiралi на жудасныя кавалкi, разбiвалi на квадраты, абмервалi з усiх бакоў; i часам давалi пабегаць, адпускалi яго, але як толькi ён крыху аддаляўся, хапалi зноў, завалодвалi iм зноўку. Ён ад маленства паспеў палюбiць гэтую iх неспатольную прагу кiраваць - ён выцягваўся, удыхаў iх саладжава-з'едлiвы водар, аддаваў сябе на iх мiласць.
З гэтага свету, у якiм ён жыў, зачынены з усiх бакоў, абложаны iмi, не было нiякага выйсця. Паўсюль - iх рэзкае святло, iх сляпучы бляск, якi згладжваў усё, прыбiраў усе няроўнасцi, ценi.
Яны ведалi, што яму падабаецца iх прыгнёт, ведалi ў iм гэтую слабасць i таму - не цырымонiлiся.
Яны яго добра выпатрашылi i напхалi зноў i паўсюль паказвалi яму iншых, такiх самых марыянетак, такiх самых лялек. I ён не мог ад iх вырвацца. Ён толькi мог мiла падставiць свае гладкiя шчочкi - адну, потым другую - i дастаць у iх буську.
XX
Калi ён быў маленькi, ён сядаў сярод ночы на ложку i клiкаў. Яны прыбягалi, запальвалi святло, бралi ў рукi бялiзну, сурвэткi, розную вопратку i паказвалi яму: нiчога няма. У iх руках прадметы рабiлiся адразу бяскрыўдныя, нiбыта меншалi, нерухомелi, станавiлiся мёртвымi ў электрычным святле.
I цяпер, калi ён ужо вырас, ён, як i тады, клiкаў iх да сябе, каб яны прыйшлi, паглядзелi, пашукалi ўсюды, каб яны знайшлi тыя страхi, што схавалiся ў iм у далёкiх закутках, каб яны ўзялi iх у рукi i разгледзелi пад святлом.
Яны прызвычаiлiся прыходзiць, глядзець, i ён цяпер сам iшоў наперадзе, сам запальваў святло, каб не чуць, як яны мацаюць у цемры рукамi. I яны глядзелi ён стаяў нерухомы, не адважваючыся дыхнуць, - але нiчога нiдзе не было, нiчога страшнага, усё, здаецца, было ў парадку, на месцы, яны бачылi вакол толькi звычайныя, даўно знаёмыя рэчы i паказвалi яму: нiчога няма, чаго ты спалохаўся?
